Шушкевіч: На навуку нельга глядзець з калгасна-саўгасным мысленнем


Прэзідэнт Беларусі заявіў пра неабходнасць мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і навуковай сферы. Палітык і доктар фізіка-матэматычных навук Станіслаў Шушкевіч лічыць, што кіраўнік краіны займаецца справамі, у якіх зусім не разбіраецца.

«Мы не можам дазволіць сабе распыльваць сродкі дзеля задавальнення чыста акадэмічнай цікаўнасці. Беларуская навука мусіць быць завостраная пад патрэбы нашай суверэннай дзяржавы і стаць больш кампактнаю ў сваёй структуры», – зазначыў Лукашэнка. Ён лічыць: неабходна дакладна вызначыць, у якіх стратэгічных кірунках трэба весці даследаванні самім, дзе мэтазгодна кааперавацца з замежнымі калегамі, а дзе больш выгадна закупляць замежныя распрацоўкі.

{movie}Шушкевіч: На навуку нельга глядзець па-калгаснаму |right|8786{/movie}

«Калі Лукашэнка разважае пра навуку, то рабіць нейкія заключэнні немагчыма, – звярнуў ўвагу Станіслаў Шушкевіч. – Бо нават у той навуцы, у якой спецыялізаваўся, – у гісторыі – ён блытае падзеі ды «заганяе» Францыска Скарыну ў Санкт-Пецярбург»”.

Лукашэнка хацеў бы, каб навука імгненна давала прыбытак, мяркуе палітык. «Разважаць на гэтую тэму з калгасна-саўгасным разуменнем навукі немагчыма», – мяркуе першы кіраўнік незалежнай Беларусі. Ён згадаў выпадак з заснавальнікам вучэння аб электрамагнітным полі Майклам Фарадэем. Калі навукоўца запыталіся, навошта той даследуе электрычнасць і каму гэта патрэбнае, фізік адказаў: гэта не патрэбнае нікому, але вельмі цікава. У выніку, падкрэсліў Шушкевіч, цяпер усё пабудаванае на электрычнасці.

{movie}Выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра Францыска Скарыну|right|8788{/movie}

«Якія даследаванні дадуць плён? Цяжка сказаць, тым больш, такім невукам, як Лукашэнка», – зазначыў палітык. Ён не адкідвае, аднак, магчымасці зарабляць на навуцы: «Калі ёсць вузкая галіна, дзе беларусы могуць нешта зрабіць, то гэта можа прынесці прыбытак». Аднак, як падкрэсліў, збыт навуковых дасягненняў у антыдэмакратычнай краіне немагчымы, бо для гэтага патрэбная свабода мыслення і прапановаў. «Важна, каб людзі не баяліся быць асуджанымі за тое, што гэтыя прапановы не ўзгадняюцца з палітычнымі аспектамі дзейнасці дыктатара», – лічыць Шушкевіч. На ягоную думку, таленавітым беларусам, каб рэалізаваць свае планы і задумы, больш выгодна цяпер выязджаць за мяжу.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў