Чыноўнікі не даюць згоды на адкрыццё музею Алеся Адамовіча


Сёння 19-я гадавіна смерці Алеся Адамовіча – пісьменніка і публіцыста, якога разам з Васілём Быкавым называюць «сумленнем беларускай нацыі». Амаль увесь гэты час чыноўнікі не даюць дазволу адкрыць музей пісьменніка.

У студзені Бабруйскі райвыканкам чарговы раз адклаў рашэнне. Стварыць музей праз некалькі гадоў пасля смерці Алеся Адамовіча вырашылі ягоная дачка Наталля і тагачасныя мясцовыя чыноўнікі Глушы – роднага пасёлку Адамовіча. Экспазіцыя пад назваю «Вайна пад стрэхамі» мелася ўшаноўваць памяць Алеся Адамовіча і жыхароў пасёлку. Яе вырашылі размясціць у аптэцы, дзе працавала маці пісьменніка. Але справа расцягнулася на пятнаццаць гадоў.

Спачатку вяліся перамовы з Міністэрствам аховы здароўя, каб яно перадало будынак: аптэка была на яго балансе. Пасля падключылі Міністэрства культуры: была ідэя, каб новая ўстанова стала філіялам Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры ў Менску. Аднак выніку не было. Затое за гэты час аптэку перадалі Бабруйскаму райвыканкаму, і шукаць дамоўленасці давялося ўжо з ім.

Алесь Адамовіч – пісьменнік, сцэнарыст, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч, прадстаўнік пакалення «шасцідзясятнікаў», гуманіст. Ён пісаў пра жыццё звычайных людзей у гады Другой сусветнай вайны ў Беларусі. Ягонаму пяру належаць наступныя творы: «Я з вогненнай вёскі», «Хатынская аповесць», «Блакадная кніга», сцэнары для фільмаў «Ідзі і глядзі», «Сыны ідуць у бой», «Вайна пад стрэхамі» і іншыя. Значнаю часткаю дзейнасці Алеся Адамовіча было змаганне за адкрыццё праўды пра Чарнобыльскую катастрофу і пераадоленне яе наступстваў.

Чыноўнікі згаджаліся, што музей патрэбны, але справу ўвесь час адкладалі. Пакуль ў траўні мінулага года не вырашылі былую аптэку… выставіць на аўкцыён. На шчасце, Наталля Адамовіч паспела адстаяць будынак. Апошнімі гадамі да справы падключыўся старшыня Добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі ды культуры Антон Астаповіч. Дзякуючы ягонай дапамозе знайшлі спонсара і распрацавалі дакументацыю.

Наталля Адамовіч хацела б прымеркаваць адкрыццё музею да 20-й гадавіны смерці Алеся Адамовіча ў 2014 годзе, але ўжо цяпер бачна, што гэта занадта амбітны план. Паводле Антона Астаповіча, нават калі б адпаведную пастанову прынялі ўжо цяпер і адразу распачалі працы, – да юбілею не паспець. Будынак аптэкі, хоць і ў добрым стане, але патрабуе сур’ёзнага рамонту, каб там можна было размясціць экспазіцыю. «Будзем спадзявацца, што да гадавіны ў 2014 годзе у нас хоць рашэнне на руках будзе», – падсумоўвае Антон Астаповіч.

Асноўная частка экспазіцыі ўзнікне на падставе матэрыялаў сямейнага архіву і фондаў Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры ў Менску. Спадарыня Наталля вельмі шкадуе, што справа з музеем расцягнулася на дзесяцігоддзі. З аднавяскоўцаў бацькі і тых, хто прайшоў з ім вайну, амаль нікога не засталося ў жывых. А яны маглі б распавесці шмат цікавага на адкрыцці, перадаць штосьці для музею.

Антон Астаповіч распавёў, што, як толькі будынку аптэкі афіцыйна нададуць статус музею, будзе абвешчаная грамадская кампанія для збору сродкаў. Адкрыюць дабрачынны рахунак, на які кожны зможа пералічыць грошы на ўшанаванне памяці пісьменніка. Спрыяльным фактам Антон Астаповіч лічыць прынятае на дзяржаўным узроўні рашэнне аб стварэнні музею Васіля Быкава. Магчыма, і справа ўшанавання асобы Алеся Адамовіча, якая «неяк дысгармануе з Рэспублікаю Беларусь як з сучаснаю дзяржаваю», неяк зрушыцца з мёртвай кропкі.

Начальнік аддзелу культуры Бабруйскага райвыканкаму тлумачыць, што справа з музеем зацягнулася праз праблемы з фінансаваннем: «На сённяшні дзень ёсць будынак былой аптэкі, які – у жахлівым стане, на яго рамонт патрэбныя вялізныя сродкі – вось і ўся сітуацыя».

Творчасць Алеся Адамовіча не ўваходзіць у школьную праграму па беларускай літаратуры, а цягам апошніх гадоў не вывучаецца нават на пазакласным чытанні.

Марына Маўчанава

Стужка навінаў