У Дагестане вызвалілі з рабства чатырох беларусаў (Дапоўнена)


«Цяпер яны яшчэ перабываюць у Дагестане. Наколькі мне вядома, пад ціскам паліцыі і валанцёраў ім выплацілі прынамсі частку грошай, якія яны зарабілі на цагляным заводзе. Заўтра яны выедуць у бок Беларусі», – паведаміў «Белсату» Сяргей Коўган, кіраўнік беларускага пошукава-ратавальнага атраду «Анёл».

Падчас сумеснага рэйду актывістаў расейскага моладзевага руху “Альтэрнатыва” і дагестанскай паліцыі на цагляным заводзе недалёка ад вёскі Краснаармейск каля Махачкалы вызвалілі 9 асобаў, 4 з якіх – грамадзяне Беларусі, паведамляе сайт руху “Альтэрнатыва” (www.kupiraba.ru.).

Уладальнікі заводу не выплочвалі работнікам заробкаў цягам 7 месяцаў, прымушалі пры гэтым працаваць 12 гадзінаў на дзень, паведаміў БелаПАНу лідар руху “Альтэрнатыва” Алег Мельнікаў. Двое з вызваленых беларусаў – браты. Раней яны неаднаразова прыязджалі з Беларусі на заробкі ў Маскву. Прыехаўшы ў расейскую сталіцу апошні раз, яны даведаліся, што на іх працоўныя месцы ўзялі іншых людзей. Застаўшыся без працы і грошай, браты правялі 3 дні на вакзале. Там да іх падышлі незнаёмыя, якія накармілі і прапанавалі працу ў Дагестане. Вярнуцца дадому браты не змаглі, бо ў іх не было грошай і магчымасці патэлефанаваць сваякам. З памяшкання заводу яны не выходзілі, бо працадаўцы запужалі, што нібыта за тэрыторыяй вядуцца баявыя дзеянні, і яны могуць трапіць у палон да баевікоў або пад кулі.

{movie}Як утрымлівалі “беларускіх рабоў” у Дагестане (Аўдыё)|right|8781{/movie}

“Я прыйшоў на завод пад выглядам кліента і пагутарыў з рабочымі, спытаў, ці хочуць яны дадому. Яна сказалі, што безумоўна, але не могуць, бо ім не плоцяць грошай”, – удакладніў лідар руху “Альтэрнатыва”.

Паводле яго, у незнаёмай мясцовасці, без грошай і дакументаў, наслухаўшыся пра баевікоў, людзі часта баяцца пакінуць тэрыторыю заводу, таму і аказваюцца ў вымушаным рабстве. “На самым заводзе іх паступова спойваюць і выціскаюць усе сілы фізічнаю працаю”, – гаворыць лідар руху “Альтэрнатыва” Алег Мельнікаў.

Паводле Сяргея Коўгана, актывісты атраду звязаліся са сваякамі вызваленых у Дагестане беларусаў. Родныя запэўнілі, што аплоцяць білеты на пералёт з Масквы ў Менск. Іх сустрэнуць актывісты атраду “Анёл” і працаўнікі Чырвонага Крыжа, якія дапамогуць з цёплым адзеннем.

Рух «Альтэрнатыва» на сваёй старонцы «Укантакце» апублікаваў імёны вывзаленых:

1. Андрэй Віктаравіч – Рэспубліка Беларусь, Віцебск, 1975 г. н.

2. Андрэй Мікалаевіч – Рэспубліка Беларусь, Берасцейская вобл., 1971 г. н.

3. Уладзімір Віктаравіч – Рэспубліка Беларусь, 1989 г. н.

4. Ігар Барысавіч – Расейская Федэрацыя (?), 1963 г.н.

5. Андрэй Мікалаевіч – Ленінградская вобл., 1984 г. н.

6. Андрэй Юр’евіч – Рэспубліка Беларусь, 1978 г. н.

7. Аляксандр Сяргеевіч – Расейская Федэрацыя, Пензенская вобл., 1991 г. н.

8. Святлана Валер’еўна – Расейская Федэрацыя, Ніжагародская вобл., 1984 г. н.

9. Сяргей Віктаравіч – Рэспубліка Беларусь, Гомельская вобл., 1971 г. н.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў