«Белсат» не гляджу, але асуджаю»


Кіраўнік Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі падзяліўся з студэнтамі Інстытуту журналістыкі сваім меркаваннем пра «Белсат» і прызнаўся, што ягоны сват Саша «робіць адаптары», якія спатрэбяцца для пераходу на лічбавае трансляванне.

Рэсурс «Медыякрытыка» апублікаваў скарочаную стэнаграму сустрэчы Генадзя Давыдзькі са студэнтамі. Бадай найбольш эмоцыяў у выступоўцы выклікала пытанне пра «Белсат».

Журналісты ці прапагандысты?

Паводле чыноўніка, «шчасце журналіста» – гэта «спавядаць тыя думкі, якімі жыве, і верыць у тое, што ён робіць, і за гэта атрымліваць грошы». Далей выступоўца разважаў пра сітуацыю, калі асоба «пераконвае сябе супраць тых ідэяў, за прапаганду якіх менш плоцяць», і прыйшоў да высновы, што гэта – «духоўная прастытуцыя».

Якое дачыненне прапаганда ідэяў за грошы мае да журналістыкі, ён не стаў тлумачыць, але дадаў, што гэтыя разважанні датычаць «партрэту крыху журналістаў, што працуюць на «Белсаце», які спадар Давыдзька не глядзіць, бо канал у яго «не ідзе».

Кіраўнік «Белтэлерадёкампаніі» таксама спрабаваў патлумачыць, чаму ў праграме «Клуб рэдактараў» няма прадстаўнікоў незалежных медыяў. Паводле яго, рэдактары «Народнай Волі» і «Белагзеты», якіх ён «практычна асабіста абтэлефанаваў», пагадзіліся на ўдзел у праграме пры ўмове, што яна будзе ісці ў жывым эфіры. Гэта дазволіла б удзельнікам дыскусіі быць упэўненымі ў тым, што іхныя выказванні не вырвуць з кантэксту пры мантажы і не перакруцяць.

«Цяпер не магу выйсці ў жывы эфір, бо студыя ў суботу і нядзелю занятая. У нас няма вялікай студыі, дзе мы б маглі пагутарыць», – нечакана прызнаўся кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі», у склад якой уваходзяць 3 агульнанацыянальныя каналы, адзін міжнародны і яшчэ 5 абласных з уласнымі студыямі і неабходным для трансляцыяў абсталяваннем.

Сват Саша «робіць адаптар, які вам спатрэбіцца»

Генадзь Давыдзька запэўніў удзельнікаў сустрэчы, што ў Беларусі тэлебачанне гатовае для поўнага пераходу на лічбавае трансляванне. Ён паабцяаў, што «слабыя слаі насельніцтва» атрымаюць адаптар, неабходны для прыёму лічбавага сігналу, у падарунак ці «за нейкі ўмоўны кошт».

«Адаптар вырабляюць у Беларусі.Гэтак атрымалася, выпадкова атрымалася [смяецца, – belsat.eu]… Мой сват робіць гэты адаптар. Я здзівіўся вельмі моцна! Мы адзначалі Новы год, я пытаю: «Саша, чым ты займаешся?». А ён адказвае: «Ты не паверыш, я галоўны канструктар гэтага адаптара, які вам спатрэбіцца!». Ну гэта ж трэба!», – дадаў кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі».

Зміцер Ягораў, паводле mediakritika.by

Глядзі таксама
Каментары