Наталля Радзіна: Дурань cхлусіў пра Халіп, а пракуратура апраўдваецца


Карэспандэнтка расейскай «Новой газеты» і жонка экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава Ірына Халіп не збіраецца пакідаць Беларусь таемна, хоць улады і правакуюць яе гэта зрабіць.

Асуджаная паводле справы закалотаў 19 снежня 2010 года журналістка мае абавязак заставацца ў горадзе і быць дома пасля 22:00. Аднак Лукашэнка не стамляецца сцвярджаць адваротнае: быццам Ірына «проста не хоча» пакідаць тэрыторыю краіны. Цяпер ягоныя словы пацвердзіў і намеснік генпракурора Аляксей Стук.

«Мне проста смешна, што ўсе спрабуюць неяк абмяркоўваць непісьменныя словы намесніка генпракурора. Мне здаецца, ён не мае юрыдычнае адукацыі», – зазначае Ірына Халіп. Яна нагадала: закон аб парадку ўезду і выезду з Рэспублікі Беларусь прадугледжвае, што ўсе асуджаныя ўмоўна ці з адтэрміноўкаю не могуць пакідаць межаў краіны. А Ірына Халіп якраз асуджаная да двух гадоў зняволення з адтэрміноўкаю выканання прысуду на два гады.

{movie}Ірына Халіп і Наталля Радзіна ў “Гарачым каментары” |right|8766{/movie}

Рэдактарка сайту «Хартыя’97» Наталля Радзіна, яшчэ адна фігурантка «справы 19 снежня», лічыць, што генпракуратура была вымушаная пацвердзіць словы Лукашэнкі. «Насамрэч, пракурор быў вымушаны апраўдвацца пасля заявы Лукашэнкі пра тое, што Ірына Халіп нібыта свабодная. Відавочна, што Лукашэнка схлусіў! Я магу ўявіць, пра што яны [у пракуратуры] думалі! Бо дурань схлусіў – а ім трэба апраўдвацца… Таму пракурор абраў размытую, вельмі дзіўную фармулёўку: у пастанове суда не сказана, што Ірыне Халіп забаронены выезд з краіны», – падкрэсліла спадарыня Радзіна. Яна лічыць, што Ірыну Халіп выпускаць з краіны ніхто не збіраецца. Нават калі Халіп пісьмова звернецца ў пракуратуру наконт магчымасці свайго выезду, адказ будзе адмоўным.

Аднак працаўніца «Новай газеты» збіраецца напісаць такую заяву. «Хіба для таго, каб давесці да канца гэтую камедыю. Я настолькі брыджуся ўсіх гэтых асобаў з гнюснай брахнёю, што атрымаю асалоду, калі чарговы раз ткну іхныя мярзотныя твары ў іхную ж брахню», – патлумачыла яна.

На думку Ірыны Халіп, заявы Лукашэнкі пра свабоду ейнага перамяшчэння напярэдадні заканчэння тэрміну пакарання – ні што іншае, як правакацыя. Кіраўнік краіны, на яе думку, спадзяецца на тое, што жонка Андрэя Саннікава паспрабуе з’ехаць, а пасля гэтага яе будуць чакаць кайданкі.

Паўліна Калтавічанка, belsat.eu

Стужка навінаў