Ірына Халіп: Расповеды пра тое, што я свабодная, – бязглуздзіца


«Проста смешна назіраць, як дзяржаўныя чыноўнікі высокага рангу праз выпадкова кінутыя словы Лукашэнкі пачынаюць выглядаць бездапаможнымі першакласнікамі, якія спрабуюць апраўдаць чужую хлусню», – адзначыла журналістка Ірына Халіп.

Нагадаем, генеральны пракурор Аляксей Стук заявіў, што прыгавор Халіп, якая асуджаная на два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкаю выканання пакарання на два гады паводле справы аб масавых закалотах у Менску 19 снежня 2010 года, не ўтрымлівае прамой забароны на выезд за мяжу. Ён рэкамендаваў журналістцы звярнуцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Партызанскага РУУСу Менску, якая ажыццяўляе прафілактычнае назіранне за ёю, «з заяваю, якую Халіп хацела б выкласці». «Начальнік інспекцыі разгледзіць яе і прыме законнае рашэнне», – сказаў намеснік генпракурора.

«Парада звярнуцца ў інспекцыю – гэта лухта, – сцвярджае Халіп. – Яшчэ ў кастрычніку 2012 года пасля першай заявы Лукашэнкі ў інтэрв’ю газеце «The Independent» аб тым, што я магу ехаць куды заўгодна, у Менск прыязджаў галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў. Разам са мною ён хадзіў у інспекцыю, і яму тады начальніца крымінальна-выканаўчай інспекцыі Наталля Каляда падрабязна растлумачыла, што мне катэгарычна забаронены выезд за межы Рэспублікі Беларусь».

Журналістка таксама падкрэсліла: «Стук забыў згадаць галоўнае – ёсць закон аб выездзе з Беларусі, у адпаведнасці з якім усе асобы, асуджаныя ўмоўна або з адтэрміноўкаю выканання прыгавору, аўтаматычна ўносяцца ў спіс тых, каму забаронены выезд з краіны. Пра гэта не гаворыцца ў прыгаворах судоў, бо дзейнічае самастойная норма закону. Так што расповеды пра тое, што я свабодная, – гэта бязглуздзіца».

Пры гэтым яна не выключыла, што ў наступны панядзелак, калі пойдзе ў чарговы раз адзначацца ў інспекцыі, пакіне «такую заяву, як параіў Стук».

М.Л., паводле БелаПАН

Стужка навінаў