Працаўніцы «Дываноў Берасця»: Мы здаем кроў, каб выжыць


Віцэ-прэм’ер на скаргі жанчын, якія зарабляюць на прадпрыемстве Br 300 тыс., толькі біў кулаком у стол, крычаў і шпурляўся дакументамі.

Кіраўніцтва прадпрыемства «Дываны Берасця» з красавіка мінулага года выплочвае працаўніцам заробак, крыху большы за Br 300 тыс. Кантралёрка якасці прадукцыі Ніна Дакало распавяла «Белсату», што, каб пражыць і купіць ежу для дзяцей, працаўніцы здаюць кроў. Неаднаразова работніцы фабрыкі звярталіся да ўладаў Беларусі, пісалі лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта, Дзяржкантроль, Савет міністраў і гэтак далей, але атрымлівалі адтуль толькі накіраванні ў іншыя інстанцыі.

{movie}Працаўніцы “Дываноў Берасця”: Мы здаем кроў, каб выжыць |right|8760{/movie}

Падчас візіту на прадпрыемства віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі на прахадной сабраліся людзі, якія жадалі сустрэцца з прадстаўніком уладаў, заўважыла Ніна Дакало. «Нас сабралася каля 40 тады. Мы думалі, што раскажам Сямашку сваю бяду, і чакалі яго як бога», – распавяла жанчына. Працаўніцы спадзяваліся, што ім дапаможа толькі нехта з найвышэйшых шэрагаў улады, але дырэктар «Дываноў Берасця» правёў намесніка прэм’ера навокал, асцерагаючыся, каб працаўніцы не пабачыліся з Сямашкам. Некалькі разоў праз прахадную праходзіў міністр лёгкай прамысловасці Міхаіл Сучкоў, якому жанчыны расказалі пра сваё становішча і паказалі разліковыя ведамасці. Міністр выслухаў, але нічога канкрэтнага не сказаў.

Працаўніцам урэшце ўдалося прайсці да Сямашкі. Ніні Дакало задала віцэ-прэм’еру пытанне: «Ці не карысна некаму абанкруціць прадпрыемства і пазней прадаць завод, як гаварыў прэзідэнт, за бутэльку гарэлкі?». Сямашка настойваў, што прэзідэнт такога не казаў. Падчас спаткання віцэ-прэм’ер біў кулаком у стол, пераходзіў на крык, даводзячы, што працаўніцы не маюць на што скардзіцца, а іхнае прадпрыемства атрымала больш датацыяў, чым нейкае іншае. Калі працаўніцы паказалі яму разліковыя ведамасці, то чыноўнік не стаў іх нават глядзець, а з «пенаю каля рота» шпурнуў на стол.

Працаўніцы, якія па 20 гадоў адпрацавалі на фабрыцы, зноў засталіся не выслуханымі. Жанчыны не могуць таксама звольніцца, бо ведаюць, што ў перадпенсійным узросце ім будзе вельмі цяжка знайсці якую-небудзь працу.

Пакавальніца Кацярына Яроцкая падкрэсліла, што звярталася наконт новай працы на малочны камбінат: «Мне сказалі: у нас – не рытуальная дапамога. Бо мне да пенсіі 1,5 года засталося».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў