Фільмы, што выйшлі у пракат. Агляд падзеяў культуры


Прыз за найлепшую мужчынскую ролю года на “Залатым глобусе” і 12 намінацыяў на Оскар – апошняя стужка Стывэна Спілбэрґа “Лінкальн” абяцае быць да густу не толькі тым, каго цікавіць асоба 16-га прэзідэнта Злучаных Штатаў.

У ролі Абрагама Лінкальна выступіў Дэньел Дэй-Льюіс, ягоную жонку Мэры сыграла Сэлі Філд. Фільм распавядае пра ўдзел Лінкальна ў грамадзянскай вайне і пра пасляваенны час у Амерыцы. У аснове фільму – кніга гісторыка Дорыса Кэрнза Ґудўіна “Каманда супернікаў: Палітычны геній Абрагама Лінкальна”. Стужка атрымала добрыя водгукі крытыкаў і ўвайшла ў дзясятку найлепшых фільмаў года Амерыканскага інстытуту кінамастацтва.

{movie}Агляд падзеяў культуры|right|8738{/movie}Аматарам баевікоў можа прыйсціся да густу новы фільм Рубэна Флэйшэра – “Паляўнічыя на гангстэраў”. Дзеянне адбываецца ў Лос-Анджэлесе ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Таемны дэпартамент паліцыі палюе на важака бандыцкага гангу Мікі Коўэна. Яго сыграў Джош Бролін, вядомы са стужак “Людзі ў чорным–3” і “Гарві Мілк”.

На экранах упершыню – расейска-амерыканская прыгодніцкая камедыя «Білет на Вэґас». Маладая пара, якая напярэдадні пасварылася, атрымлівае падарунак лёсу. Іхны латарэйны білет выйграе прыз – $5 млн. Што праўда, атрымаць яго можна толькі ў Лас-Вэґасе. Па дарозе за грашыма Макса з Аксанаю ды іхных сяброў чакаюць непрадказальныя прыгоды і перашкоды, якія ладзіць фанат Элвіса Прэслі – Міхаіл Галусцян. Аднак больш як акторскі склад, можа ўразіць тое, што кадылак, на якім падарожнічаюць героі стужкі, сапраўды калісьці належаў да калекцыі караля рок-н-ролу.

Іншыя тэмы: у Лідзе і Горадні забаранілі фестываль кіно “Perpetuum Mobile”. У Францыі паказалі працы Поля Гагена.

Стужка навінаў