Старшыня Канстытуцыйнага суда не выключае адмены смяротнага пакарання


Пра гэта Пётр Міклашэвіч заявіў на сённяшняй прэсавай канферэнцыі. Аднак суддзі ўсцяж чакаюць сігналу зверху.

“Што датычыць мараторыю і адмены смяротнага пакарання, да цяперашняга часу пытанне застаецца адкрытым. У грамадстве працягваецца шырокая дыскусія, не аднойчы выказваўся кіраўнік дзяржавы на гэтае пытанне, вы чулі ягоную пазіцыю. Таму пазіцыя канстытуцыйнага суда застаецца нязменнаю”, – адказаў Пётр Міклашэвіч на пытанне журналіста пра перспектыву адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.

У той жа час старшыня Канстытуцыйнага суда падкрэсліў, што права на жыццё – гэта найважнейшае права чалавека, і пазбаўленне асобы жыцця мае выключны характар. Адмена ў Беларусі смяротнага пакарання ці мараторый на яго магчымыя пры наяўнасці ў грамадстве пэўных абставінаў. Што гэта мусяць быць за абставіны, Пётр Міклашэвіч не ўдакладніў.

Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе практыкуецца смяротнае пакаранне. Паводле праваабаронцаў, з 1990 да 2011 года да смяротнага пакарання ў Беларусі асудзілі 324 асобы. Міжнародны рэзананс справа смяротнага пакарання ў Беларусі набыла ў 2011 г., калі да выключнай меры былі асуджаныя абвінавачаныя ў тэракце ў менскім метро Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Сілавікі, якія маюць дачыненне да іхнага прысуду і расстрэлу, атрымалі ўзнагароды ад прэзідэнта.

Так, ордэнам Айчыны ІІІ ступені ўзнагародзілі намесніка старшыні Следчага камітэту генерала Андрэя Шведа, які на пасадзе намесніка Генеральнага пракурора кіраваў следчаю групаю ў справе тэракту ў метро. Яшчэ раней ганаровае званне Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь атрымаў намеснік старшыні Вярхоўнага суда Аляксандр Федарцоў, які вёў працэс і агучыў смяротны вырак абвінавачаным у здзяйсненні тэракту ў менскім метро Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву.

Марына Малчанава, belsat.eu

Стужка навінаў