Паводле палітыка, на папярэдніх выбарах Еўразвяз не верыў, што большасць беларусаў галасавала супраць дыктатуры.
Заходнія палітыкі і на папярэдніх выбарах сцвярджалі, што вынікі галасавання сфальсіфікаваныя. Паводле Віктара Івашкевіча, прадстаўніка штабу экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, шматлікія з іх аднак меркавалі, што Лукашэнка ўсё ж такі набраў большасць галасоў: няхай 60%, а не 80, як дэкларавалася.
Пра гэта Віктар Івашкевіч распавёў на прэсавай канферэнцыі апазіцыйных палітыкаў па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі Еўразвязу, якая адбылася ў Менску 17 студзеня. “Таксама ўсе ўражаныя колькасцю людзей, якія выйшлі на акцыю пратэсту, каб адстаяць свой выбар. Маніфестацыя прадэманстравала ўсяму свету, што ў беларускім грамадстве ёсць унутраныя сілы, накіраваныя на змены”, – дадаў палітык.
“Пасля таго, як на сустрэчы ў Еўрапарламенце нас вітаў яго старшыня Ежы Бузэк, я зразумеў, што мне няма пра што гаварыць, – дзеліцца ўражаннямі лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч. – Ён растлумачыў усё так, як хацеў растлумачыць і я: што гэта сфальсіфікаваныя выбары, што Лукашэнка выбары прайграў, што людзі без усякай віны пасаджаныя ў турмы, што не было ніякіх беспарадкаў, а былі інспіраваныя спецслужбамі правакацыі, у выніку якіх быў адданы загад аб сілавым разгоне акцыі”.
“Цяпер у турмах шмат болю і пакутаў. Наша асноўная мэта – дапамагчы палітвязням. І ёсць адчуванне, што Еўрапейскі Звяз і ўвогуле Захад зробяць усё магчымае, каб палітвязні былі на волі”, – заявіў Аляксандр Казулін, кандыдат на прэзідэнцтва на выбарах 2006 г.
belsat.eu