Расеец прарываўся праз мяжу на крадзеным BMW


Сталі вядомыя падрабязнасці штурму расейцам беларускай мяжы ў “Дамачаве”.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка, 21 студзеня а 7:58 ў “Дамачава” з боку польскага пункту пропуску “Славацічы” ўляцеў аўтамабіль BMW, прабіў турнікеты і шлагбаумы ды паехаў далей. Быў аб’яўлены план “перахоп”.

Хуткасць машыны, умовы надвор’я і цёмны час не дазволілі спыніць BMW на тэрыторыі пункту пропуску. Памежнікі лічаць добрым тое, што ў такой сітуацыі ўдалося пазбегнуць ахвяраў і пацярпелых.

BMW расеец скараў у суседа

Паводле Цішчанкі, польскія памежнікі паведамілі беларускім калегам, што кіруе аўтам расеец 1989 года нараджэння, які мае права на жыхарства ў Нямеччыне. У “Славацічы” ён прыехаў 20 студзеня а 21:30. Дакументы на аўтамабіль і дакументы кіроўцы выклікалі ў памежнай варты падазрэнні, і BMW вывелі з агульнай плыні. Высвятленне абставінаў на польскай тэрыторыі цягнулася колькі гадзінаў.

Стала вядома, што аўта 19 студзеня скралі ў Нямеччыне, а ў кіроўцы ёсць праблемы з перабываннем на тэрыторыі Польшчы. Расеец, зразумеўшы, што яго могуць затрымаць, кінуў дакументы ў “Славацічах” і на вялікай хуткасці пераадолеў прыблізна 600 метраў да “Дамачава”.

У пошуку на тэрыторыі Беларусі задзеялі памежнікаў, працаўнікоў МУС і КДБ. Аўтамабіль і кіроўцу працаўнікі Берасцейскай памежнай групы знайшлі ў адной з вёсак Берасцейскага раёну. Расеец хаваўся на прыватным падворку. Падчас першапачатковага разбору справы ён паведаміў, што ўжо 15 гадоў жыве ў Нямеччыне, BMW скраў у суседзяў, каб прадаць у Падмаскоўі.

У дачыненні расейца распачалі справу на падставе ч. 1 арт. 371 КК (незаконнае мінанне мяжы з выкарыстаннем транспартавага сродку). Яго ўзялі пад варту.

Па лініі Інтэрполу ў Нямеччыну накіравалі запыт для спраўджэння, ці не датычны затрыманы іншых злачынстваў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў