Самагубствы ў сілавых структурах: 15 гучных выпадкаў


У Воршы на службе з табельнага пісталета застрэліўся падпалкоўнік міліцыі.

Пра гэта напісаў мясцовы партал «Orsha.eu». Паводле рэсурсу, скончыў жыццё самагубствам 40-гадовы працаўнік Аршанскага аддзелу Дэпартаменту аховы МУС падпалкоўнік Міхалік. Правяранне паводле факту распачаў Следчы камітэт, паведамляе «Интерфакс-Запад». Аўтары парталу называюць магчымую прычыну суіцыду: крымінальная справа, якую распачалі супраць былога намесніка начальніка дэпартаменту за злоўжыванне службовым становішчам.

Літаральна некалькі месяцаў таму ў сталіцы атрымалі розгалас два выпадкі суіцыду. За апошнія шэсць гадоў «Белсат» налічыў чатырнаццаць гучных самагубстваў сярод сілавікоў.

2012

29 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра самагубства ў КДБ. Пазней стала вядома, што ад стрэлу загінуў былы працаўнік камітэту, падпалкоўнік Аляксандр Казак.

Ужо 2 лістапада ананімны карыстальнік паведаміў на гарачую лінію парталу «Tut.by», што ў гарадскім аддзеле міліцыі № 2 Фрунзенскага РУУСу Менску на службе застрэліўся з табельнага пісталета аператыўны дзяжурны. Паводле крыніцы, гэта адбылося ўначы з 29 на 30 кастрычніка ў пакоі адпачынку. Пры гэтым куля, якая прайшла навылет, ледзьве не зачапіла яшчэ аднаго міліцыянта. Інфармацыю пацвердзіў Следчы камітэт.

2011

13 студзеня трагедыя шакавала жыхароў Шчучыну (Гарадзенская вобласць). Былы міліцыянт з паляўнічай дубальтоўкі забіў трохгадовую дачку, параніў жонку і застрэліўся сам. 7 сакавіка ў Бярозе з табельнай зброі застрэліўся 23-гадовы следчы.

2010

На праваслаўнае Раство ў Магілёве з паляўнічай зброі застрэліўся ў сябе дома 40-гадовы працаўнік Дэпартаменту аховы МУС. У красавіку ў Віцебску знайшлі ў пятлі 35-гадовага працаўніка Першамайскага РАУСу.

2009

Гэты год, паводле інфармацыі «Ежедневника», пабіў усе рэкорды ў колькасці самагубстваў у органах унутраных спраў. Ад суіцыду загінулі восем асобаў.

У красавіку ў Воршы з аўтамата проста ў пакоі са зброяю застрэліўся маёр аддзелу ўнутраных справаў на транспарце. Услед за ім у Менску з табельнага пісталета пусціў сабе кулю ўчастковы. Праз месяц, у траўні, павесіўся міліцыянт батальёну міліцыі Ленінскага аддзелу аховы Берасця. У чэрвені наклаў на сябе рукі рэчыцкі амапавец. У жніўні скончылі жыццё самагубствам яшчэ два міліцыянты: у Барысаве застрэліўся працаўнік патрульна-паставой службы, а ў Менску павесіўся ўчастковы інспектар. У верасні ў Чавускім раёне павесіўся міліцыянт-кіроўца Чавускага РАУСу. У кастрычніку ў Шклове застрэліўся з пісталета Макарава ўчастковы інспектар, які ў абед прыехаў у кватэру маці.

2007

У Гомлі на працоўным месцы застрэліўся маёр міліцыі, працаўнік другога аддзелу Чыгуначнага РАУСу. У перадсмяротнай цыдулцы ён напісаў, што невылечна хворы. У Ветцы (Гомельская вобласць) з чужога паляўнічага ружжа застрэліўся былы міліцыянт, якому было 29 гадоў.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары