Прагнозы Нацбанку супраць суворай рэальнасці. Хто пераможа?


Нацыянальны банк прызнаўся, што апошнім часам не агучвае прагнозаў наконт курсу беларускага рубля. Маўляў, вельмі цяжка зрабіць верагодны прагноз. Пры гэтым агульныя інфляцыйныя спадзяванні ўсё ж такі публікуюцца.

Гэтак, інфляцыя ў 2013 годзе складзе 10–12 %, таксама чакаецца «плаўная» дэвальвацыя рубля. Такую сітуацыю чыноўнікі лічаць «стабільнаю і нармальнаю» пры ўмове, што ўдасца забяспечыць рост ВУП і рэальных даходаў насельніцтва. Аднак падступныя законы эканомікі ў чарговы раз увялі ў зман улады – толькі за першыя два тыдні студзеня інфляцыя склала амаль 2 %.
{movie}Алесь Лукашэвіч у “Гарачым каментары”|left|8701{/movie}
Паводле эканаміста Алеся Лукашэвіча, ужо па першых афіцыйных звестках можна сцвярджаць, што інфляцыйны прагноз Нацбанку не спраўдзіцца і за год яна сягне нават 20 %. «У беларускіх уладаў ёсць імкненне выдаваць жаданае за сапраўднае. Вельмі часта яны выкарыстоўваюць такія дзіўныя звароты – міністр эканомікі казаў пра 8 % ВУП «у выпадку, калі сыдуцца зоркі». Увесь цывілізаваны свет змагаецца з іншаю праблемаю – выклікаць інфляцыю, а Беларусь намагаецца яе панізіць», – заўважае Алесь Лукашэвіч.

Павышэнне інфляцыі патрэбнае для таго, каб знізіць узровень даўгоў, што назапасіліся ў сусветнай эканоміцы. Умоўна кажучы, чым менш каштуе долар, тым менш давядзецца сплочваць за крэдыты. Чаму б гэтак не зрабіць і ў самой Беларусі?

«У нашай краіне парушаныя асноўныя законы рынкавых транзакцыяў – людзі не могуць спакойна гандляваць, не давяраючы беларускай валюце. Таму павелічэнне інфляцыі выкліча рэцэсію беларускай эканомікі», – тлумачыць эксперт.

У.Ш.,belsat.eu

Стужка навінаў