«Белсат» прэзентуе беларуска-польскі каляндар


Напярэдадні 150 гадавіны паўстання Кастуся Каліноўскага наш тэлеканал прэзентуе каляндар, у якім мы нагадваем пра важныя як для беларусаў, так і для палякаў даты.

Што яднала беларусаў і палякаў

«У нашай частцы Еўропы няма двух народаў, якія настолькі блізкія адзін аднаму і ў той жа час так мала ведаюць адзін пра аднаго. Так дзеецца таму, што ўздоўж Бугу нас раздзяляюць рэшткі жалезнай заслоны, але ў мінулым мы стагоддзямі жылі ў кароткія перыяды міру, разам змагаліся з супольнымі ворагамі, разам стваралі нашую ўнікальную мяшанку культураў, урэшце мы прынялі першую ў Еўропе Канстытуцыю. Тое, што некалі злучала нашыя народы, злучае іх і сёння – гэта любоў да свабоды. З гэтага пачуцця, гэтае патрэбы больш за пяць гадоў таму нарадзіўся «Белсат» – першае незалежнае тэлебачанне ў Беларусі, чарговы наш супольны вялікі твор», – напісала ва ўступе да календара дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Спрэчная гісторыя

Шмат якія падзеі і асобы, відавочна важныя для часткі беларусаў, выклікаюць зусім іншыя пачуцці ў рэшткі грамадства. На нашай інтэрнэт-старонцы і профілях у сацыяльных сетках «Белсат» будзе нагадваць пра гадавіны гістарычных падзеяў, пачынаючы з паўстання Кастуся Каліноўскага і заканчваючы аднаўленнем незалежнасці. Там жа мы пагутарым пра тое, што значаць гэтыя даты для беларусаў сёння. «Я спадзяюся, што наш каляндар выкліча ў вас зацікаўленне, а мо – нават пярэчанні, таму ўжо цяпер запрашаю да дыскусіі на нашым профілі ў «Facebook’у», дзе прэм’еры календара будзе спадарожнічаць адпаведная падзея», – гаворыцца ва ўступным слове.

Асобнікі календара атрымалі беларускія дзеячы культуры, вядомыя незалежныя журналісты і кіраўнікі апазіцыйных партыяў: Зінаіда Бандарэнка, Генадзь Бураўкін, Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў і іншыя. Таксама календары былі высланыя да шэрагу польскіх палітыкаў.

belsat.eu

Стужка навінаў