Мексіканская сям’я хоча жыць у… пячоры


Дом збудавалі ў скале, якая ўзвышаецца пасярод пустэльні. Людзей туды прывяла каштоўная расліна.

Сам дом збудаваны з цэглы, высушанай на сонцы. Замест даху ў ім – скала дыяметрам 40 м. Бэніта Эрнандэс (Benito Hernandez) і ягоная жонка жывуць тут больш за 30 гадоў. Гэтае дзіўнае збудаванне месціцца побач з горадам Сан Хасэ дэ П’едрас (San Jose de Piedras) на тэрыторыі пустэльні Кааўіля (Coahuila), за 80 км ад штату Тэхас. Жыхары гэтага мястэчка зарабляюць на жыццё тым, што вырошчваюць і збіраюць расліну кандэлілля (Candelilla). З яе атрымліваюць адмысловы воск, з якога вырабляюць жавальную гумку, касметыку, свечкі, пластык, – усяго выкарыстоўваюць у 20 відах прамысловасці.

Менавіта гэтая расліна і прывабіла людзей у далёкую пустэльню яшчэ 55 гадоў таму. Эрнандэс прыехаў сюды разам з бацькамі і братамі. Кандэлілля ён збіраў з васьмі гадоў. Тады ён і ўбачыў скалу і адразу вырашыў, што яна стане ягоным домам. Дваццаць гадоў мужчына змагаўся за тое, каб стаць уласнікам гэтай зямлі. Да яе было шмат ахвочых, бо побач – крыніца.

{movie}Мексіканская сям’я хоча жыць у… пячоры|right|8697{/movie}Сцены Эрнандэс пабудаваў з высушанай на сонцы цэглы і цэменту, вокны і дзверы – з драўніны з мясцовага лесу. Ежу даводзіцца гатаваць у звычайнай вясковай печцы. Для электрычных прыладаў у доме няма ўмоваў. Самы цяжкі для сямі’і час – мокрыя зімовыя месяцы. Тады расліна не дае шмат воску, тэмпература ў пустэльні падае ніжэй за нуль, замярзае вада з крыніцы. Хадзіць на іншую працу цяжка, бо размывае дарогі. «Тут вельмі халодна, і мы ў прамым сэнсе мусім змагацца за ежу», – скардзіцца гаспадар.

Іншыя сем’і даўно з’ехалі са сваіх пячорных дамоў. Эрнандэс і ягоная жонка не хочуць пакідаць дом, у якім вырасцілі сямёра дзяцей, большасць з якіх з’ехалі і заснавалі ўласныя.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў