Вячаслаў Швед: Паўстанне 1863 года было крокам у бок незалежнасці Беларусі


Беларускі гісторык з Горадні ў інтэрв’ю «Белсату» распавёў пра адметнасці паўстання на чале з Кастусём Каліноўскім.

– Калі на тэрыторыі ВКЛ выбухнула паўстанне?

– Цягам 10 дзён Літоўскі правінцыяльны камітэт вагаўся, ці распачынаць паўстанне, бо было яно фактычна непадрыхтаванае. 2 лютага – праз 8 дзён пасля закліку Цэнтральнага нацыянальнага камітэту ў Варшаве – выбухнула таксама на тэрыторыі сённяшняй Беларусі і Літвы.

– Змоўцы на Літве, як і ў Рэчы Паспалітай, падзяляліся на “белых” і “чырвоных” з пункту гледжання радыкальнасці…

– Гэта быў агульны падзел на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. ”Белыя” як прадстаўнікі заможнай шляхты і кансерватыўнай інтэлігенцыі былі ўмеркаваныя. “Чырвоныя” ж хацелі не толькі незалежнасці, але і грамадскіх зменаў. Ішлі з лозунгамі роўнасці і вызвалення сялянаў. “Чырвоныя” таксама падзяляліся з пункту гледжання адносінаў да незалежнасці Літвы. Тыя, больш радыкальныя, хацелі большай аўтаноміі ды нават стварэння незалежнай рэспублікі. Кіраўнікі Літоўскага правінцыйнага камітэту належалі бадай да тых больш радыкальных.

– Уласна “чырвоныя” на пачатку задавалі тон паўстанню.

– Паўстанне на Літве, як і ў Польшчы, ініцыявалі “чырвоныя”, аднак праз колькі тыдняў яны страцілі лідарства на карысць “белых”. У жніўні 1863 года “белыя” таксама страцілі яе на карысць найбольш знанага лідара паўстання Кастуся Каліноўскага. Ён дайшоў да ўлады ў тым моманце, калі паўстанне ўжо траціла сілы. Каліноўскі, без сумневу, быў найважнейшаю постаццю паўстання на Літве. Яшчэ ў 1861 годзе разам са сваймі прыхільнікамі ён заснаваў канспіратыўную арганізацыю. Выдаваў па-беларуску газету “Мужыцкая праўда”, якая прапагандавала сярод беларускіх сялянаў ідэю нацыянальнага паўстання. Падчас паўстання менавіта ён і ягоныя прыхільнікі стварылі структуру падпольнай дзяржавы – паліцыю, пошту і войска. Гарадзенская рэвалюцыйная арганізацыя была вельмі добра развітая, здолела адрадзіцца нягледзячы на арышты.

– Дзе адбываліся галоўныя бітвы на тэрыторыі ВКЛ?

– На тэрыторыі сённяшняй Літвы і Беларусі мела месца 46 сутычак – дзве траціны з іх адбыліся на Гарадзеншчыне і Віленшчыне. Гэта была партызанская вайна: з прычыны дыспрапорцыі сілаў паўстанцы не маглі ўступаць ў адкрытыя бітвы. Атрады з Гарадзеншчыны дзеялі на вялікай тэрыторыі, часам пераходзілі на Сувальшчыну ці ў аколіцы Беластоку. Сутычкі ў большасці былі прайграныя. Паўстанцам удавалася часам займаць вялікія населеныя пункты, напрыклад, Пружаны на Берасцейшчыне ці Горкі на Магілёўшчыне, але ненадоўга.

– Колькі было паўстанцаў?

– Я не маю такіх звестак, яны былі таемныя. Аднак зыходзячы з лічбы сасланых ды пакараных – каля 12,5 тысячаў, можам здагадвацца пра колькасць прыхільнікаў паўстання. Я ацэньваю яе на прыкладна 20 тысяч асобаў.

– Як далёка на ўсход заглыбляліся паўстанцы?

– Атрады змагаліся не толькі на Гарадзеншчыне, але і сягалі так званай Белай Русі на тэрыторыі сённяшніх Віцебскай і Магілёўскай абласцей. На Магілёўшчыне атрад Звяждоўскага заняў горад Горкі. Там функцыянаваў Інстытут сельскай гаспадаркі, студэнты якога далучыліся да паўстання.

– Важнаю справаю было прыцягненне сялянаў да ўдзелу ў бітвах.

Пасля выбуху паўстання Літоўскі правінцыйны камітэт таксама паабяцаў вызваленне сялянаў, як у Рэчы Паспалітай. Вызваленне адбылося ўжо перад гэтым паводле царскага ўказу ў 1861 годзе, аднак яно было на нявыгадных для сялянаў умовах. Не ўсе атрымалі зямлю. Тыя, што яе атрымалі, мусілі заплаціць выкуп і цягам 25 гадоў працаваць на ўмовах паншчыны. Калі абвесцілі паўстанне, 22 студзеня ў маніфесце паўстанцаў гаварылася пра вызваленне сялянаў без выкупу, а беззямельныя ўзамен за службу ў паўстанчых атрадах мусілі атрымаць 3 маргі зямлі (прыблізна 1,5 га – belsat.eu). “Чырвоныя” на тэрыторыі ВКЛ паўтарылі гэтыя дэкларацыі. Калі да ўлады дайшоў Кастусь Каліноўскі, у “Мужыцкай праўдзе” больш націскаў на роўнасць, вызваленне, усталявання ўніяцтва. Лідара паўстання бадай пазбягалі ўдзелу сялянства з прычны іх слабой вывучкі ды адсутнасці зброі. Сяляне ваявалі косамі. У сваіх успамінах адзін з паўстанцаў, Ігнат Арамовіч, напісаў, што кіраўніцтва імкнулася не ўводзіць іх у бітву, каб яна не скончылася разнёю.

– Каліноўскі быў радыкльным дэмакратам?

– Не заклікаў забіваць шляхцічаў. Хацеў народнай, дэмакратычнай рэспублікі. Перад гэтым Каліноўскі навучаўся ў Пецярбурзе, быў пад уплывам польскага рэвалюцыянера Зыгмунда Серакоўскага ці расейца Мікалая Чарнышэўскага. У сваіх рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэях быў блізкі да ідэяў пазнейшых расейскіх народнікаў.

– Як сяляне адрэагавалі на паўстанне?

– Трэба падкрэсліць, што большасць сялянаў на той тэрыторыі былі беларусамі. Рэагавалі па-рознаму: адныя падтрымлівалі, бо паверылі ў абяцанне атрымаць зямлю, ліквідацыю выкупу ды ідэю роўнасці. Такія сяляне дапамагалі паўстанцам не толькі са зброяй ў руках – хавалі паўстанцаў, лячылі параненых, забяспечвалі харчамі і транспартам. Паводле разлікаў, сяляне складалі 18 % усіх удзельнікаў паўстання. І за ўдзел былі пакараныя ссылкаю. Часта таксама царскія войскі ў помсту палілі цэлыя вёскі і хутары, як Яваруўку ці Прушанку-Баранкі на Беласточчыне (Jaworówka, Pruszanka-Baranki). Шмат сялянаў уступалі ў атрады разам са сваім панам і хучэй рабілі гэта добраахвотна, хоць пазней, калі іх захоплівалі, каб змякчыць пакаранне, казалі, што пад прымусам.

– Аднак шмат хто з іх былі абыякавыя да паўстання ці нават супрацоўнічалі з царскім войскам.

– У сакавіку 1863 года царскі ўрад зрабіў вельмі цікавы крок, уводзячы ў жыццё пастулаты паўстанцаў пра вызваленне без выкупу. Потым абвесцілі, што гэта польскія паны не хочуць яго ажыццяўлення. З тых, хто паверыў у гэта, ствараліся атрады самааброны. За захопленых паўстанцаў яны атрымлівалі грошы.

– Чаму на тэрыторыі Літвы адбыліся такія жорсткія рэпрэсіі пад кіраўніцтвам Мураўёва-вешальніка?

– Гэта была тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага – часткі Рэчы Паспалітай двух народаў. Паўстанцы хацелі аддзялення дзяржавы ў межах 1772 года, пры гэтым менавіта тэрыторыя ВКЛ лічылася царскімі ўладамі як частка імперыі. Нягледзячы на тое, што цягам 70 гадоў працягвалася інтэнсіўная русіфікацыя, яна не давала плёну. Рэпрэсіі пасля паўстання сталіся прычынаю для ўзмацнення русіфікацыі. Чыноўнікі, што сімпатызавалі паўстанцам, былі звольненыя, іх месцы аддавалі нарадзінцам Расеі. Зачыняліся навучальныя ўстановы, студэнты якіх бралі ўдзел у паўстанні, у тым ліку інстытут у Горках. І варта сказаць, што гэтая брутальная русіфікацыя мела плён.

– Як ідэі паўстання адбіліся на нацыянальным беларускім руху?

– Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. беларускія нацыянальныя дзеячы ўзгадалі пра Каліноўскага. Вядомы дзеяч беларускага Адраджэння Францішак Багушэвіч быў паўстанцам. Таксама святар Адам Станкевіч – беларускі дзеяч на тэрыторыі Польшчы ў 30-я гады напісаў кніжку пра Каліноўскага, які, паводле яго, першым прэзентаваў ідэю адраджэння беларускай дзяржавы.

– Як ставілася савецкая ўлада да паўстання Каліноўскага?

– Каліноўскі стаў станоўчым героем у савецкай гісторыі. У 1927 годзе з’явіўся нямы фільм пра паўстанне. 20-я гг. ХХ стагоддзя былі часам беларусізацыі. Каліноўскі быў прэзентаваны як рэвалюцыянер, герой барацьбы з царом за правы сялянаў, пры гэтым замоўчваўся нацыянальны аспект. Ізноў пачалі пра яго прыгадваць у 70–80 гады, хоць і не ў кантэксце ўтварэння незалежнай Беларусі / Літвы. Калі Беларусь атрымала незалежнасць напачатку 90-х, да 1995-га Каліноўскі стаў фактычна нацыянальным героем. З прыходам да ўлады Лукашэнкі пра яго перасталі ўзгадваць публічна, хоць не знік з падручнікаў: там ён паказаны як нацыянальныя дзеяч, часам – сялянскі. Не вельмі моцна выкарыстоўваецца як сімвал патрыятызму і барацьбы за незалежную беларускую дзяржаву. Ягоны адзіны помнік усталяваны ў Свіслачы. Канкрэтныя месцы, звязаныя з паўстаннем, ушаноўваць лакальныя апазіцыйныя дзеячы, але не дзяржава.

{movie}Кастусь Каліноўскі, нямы фільм|right|8695{/movie}

– Ці Каліноўскі стаў “нязручным”, бо быў “антырасейскі”?

– Каліноўскі не быў антырасейскі. Нагадаем, што ў сваіх ідэях шмат узяў ад расейскіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў. Ён быў антыцарскі. Аднак у 1863 годзе нават расейскія дэмакраты падтрымалі дзеянні супраць паўстанцаў. Толькі Герцэн казаў інакш. У польскіх кніжках пішуць, што гэта было паўстанне супраць Расеі, але мы лічым, што гэта было паўстанне антыцарскае, супраць рэжыму, што прыгнятае сялянаў. Па-другое, частка лідараў паўстання з тэрыторыі былога ВКЛ упершыню пачалі ўсур’ёз думаць пра незалежнасць Літвы, якая мелася быць дабравольнаю часткаю федэрацыі з Польшчаю, аднак не выключалася поўнай незалежнасці.

Якуб Бернат, МЛ, belsat.eu

Ілюстрацыі http://arkushy.narod.ru

Стужка навінаў