Хто для вас Кастусь Каліноўскі?


Каліноўскі – не герой, бо быў супраць цара, пры якім была танная пшаніца, мяркуе жыхарка Менску.

Сёлета спаўняецца 150 гадоў з пачатку вызвольнага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Паўстанне, хоць і было жорстка задушанае, выклікала грамадскі рэзананс у тагачаснай Еўропе, адкрыла «беларускае пытанне» і сталася вызначальным момантам у развіцці беларускай нацыянальнай свядомасці. Афіцыйныя айчынныя ідэолагі з нагоды юбілею паўстання правялі ў Менску адмысловую канферэнцыю, на якой абвесцілі: Каліноўскі ненавідзеў беларусаў, называў іх «дурнымі авечкамі» ды не можа лічыцца нашым нацыянальным героем.

{movie}Ці нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі?|right|8682{/movie}

Карэспандэнты «Белсату» запыталі жыхароў сталіцы, хто для іх Кастусь Каліноўскі. Адна з жанчын выказала думку, што Каліноўскага ні ў якім разе нельга назваць нацыянальным героем, бо ён выступаў супраць цара. «Пры цары не так і дрэнна жылося. Пшаніца тады была танная», – выказалася кабета. Праўда, большасць усё ж схіляецца да думкі, што Каліноўскі – герой. «З Кастуся Каліноўскага пачалося нейкае адчуванне беларусаў як нацыі, бо, напэўна, да яго ніхто не ставіў пытанне так сур’ёзна і так адказна да гэтага не адносіўся», – падкрэсліла прадстаўніца маладога пакалення.

Падрабязнасці – у відэаматэрыяле

Максім Ярашэвіч, belsat.eu





Стужка навінаў