Ці сапраўды Беларусь правакуе Польшчу?


Пра супольныя вайсковыя вучэнні Расеі ды Беларусі, прызначаныя на верасень 2013 года, разважае ў «Гарачым каментары» палітолаг Алесь Лагвінец.

Былы міністр нацыянальнай абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў завіў надоечы, што Беларусь і Расея рыхтуюцца да вайны з Польшчаю. Пра гэта, паводле яго, сведчаць супольныя вайсковыя вучэнні дзвюх краінаў, прызначаныя на сёлетнюю восень. Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі выказаў непакой: вучэнні Расеі ды Беларусі «Захад-2013» – правакацыйныя ў дачыненні Польшчы. Улады Беларусі, у сваю чаргу, абвінавачваюць польскі бок у імкненні вярнуць сабе былыя «Усходнія Крэсы».

{movie}Алесь Лагвінец у “Гарачым каментары”|right|8680{/movie}

Алесь Лагвінец лічыць, што цяперашнія польска-беларускія стасункі не самыя лепшыя. Палітолаг назваў іх «халоднаю вайною» або «гарачым мірам». Эксперт зазначыў, што вайскоўцы ўсіх краінаў маюць дбаць пра нацыянальную бяспеку і разглядаюць усе магчымыя сцэнары. У выпадку Польшчы на перыметры яе межаў ёсць краіны, якія не належаць да аднаго звязу з ёю, – Беларусь і Расея. Абмеркаванне стасункаў Польшчы з гэтымі дзяржавамі ў публічнай сферы – праява шматграннасці ці жывой дыскусіі ў дэмакратычным грамадстве.

У Беларусі вайсковыя вучэнні заўсёды суправаджаюцца вялізнаю прапагандаю, звярнуў увагу эксперт. «У нас пад усе значныя палітычныя падзеі праводзяцца вайсковыя вучэнні. Улады Беларусі хочуць падкрэсліць, што любыя спробы ціску звонку будуць перасечаныя і заблакаваныя», – падкрэсліў госць «Белсату». Знаўца лічыць, што пры стасунках Беларусі ды Польшчы існуюць пэўныя сумневы і непаразуменні, выкліканыя розным узроўнем дэмакратычных свабодаў у дзяржавах-суседках. «Тое, што вольна абмяркоўваецца ў дэмакратычных краінах, замоўчваецца або толькі аднабакова выкарыстоўваецца ў недэмакратычнай краіне», – лічыць Алесь Лагвінец.

Палітолаг адзначыў, што тэматыку пагрозы з боку НАТО удала выкарыстоўваюць улады Беларусі, каб атрымаць фінансавую дапамогу ад Расеі. У сваю чаргу, паводле адмыслоўцы, Расея ахвотна дапамагае Беларусі праз свае імперскія амбіцыі, згодна з якімі нават простыя расейцы ўспрымаюць Беларусь як частку сваёй тэрытарыяльнай спадчыны.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў