Класкоўскі: Шэйман будзе «магілаю» ў кіраўніцтве справамі прэзідэнта


Новае прызначэнне Віктара Шэймана кіраўніком справамі прэзідэнта выкліканае неабходнасцю ахоўваць пэўныя далікатныя таямніцы, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

У сувязі з новым прызначэннем Віктар Шэйман вызваліў пасаду памочніка прэзідэнта ў асаблівых даручэннях, якую займаў з 8 студзеня 2013 года. Перад гэтым ён тры гады быў памочнікам прэзідэнта ў асаблівых даручэннях у структуры Савету бяспекі. Гэта, на думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, сведчыць: у Лукашэнкі адносна Шэймана адсутнічаў канкрэтны стратэгічны план.

Адмыслоўца лічыць, што новая пасада Шэймана выкліканая, з аднаго боку, імкненнем кіраўніка Беларусі мець каля сябе давераную асобу, а з другога боку, гэта прадыктаванае безвыходнасцю лідара краіны, у якога «вельмі кароткая лава запасных». « Лукашэнка не церпіць побач з сабою харызматычных, самастойных асобаў і разам з тым для яго вельмі важна, каб чалавек быў звышадданы – які б не меў маральных ваганняў, калі аддаецца нейкі загад», – дадаў эксперт.

У гэтым выпадку Віктар Шэйман, на думку адмыслоўцы, – ідэальная фігура, бо Шэйман – паплечнік Лукашэнкі яшчэ з дапрэзідэнцкіх часоў. Менавіта Шэйман, узгадаў эксперт, быў звязаны са справаю таямнічага стрэлу ў машыну Лукашэнкі пад Лёзнам у 1994 годзе. «На розных этапах Шэйман быў побач і застаецца захавальнікам далікатных таямніц, сакрэтаў», – падкрэсліў спадар Класкоўскі.

Эксперт назваў кіраўніцтва справамі прэзідэнта адмысловаю «бізнес-імперыяй» з вялікім размахам і вялікімі грашыма. Гэта таксама магло паўплываць на рашэнне галавы краіны прызначыць сюды кіраўніком вельмі блізкага і надзейнага чалавека: «Шэйман будзе «магілаю» ў гэтых справах: нікому нічога не скажа і заўсёды пад ягоным пільным вокам будуць усе гэтыя важныя справы». З прыходам Шэймана на новую пасаду яе вага ўзрасце (у нас жа вага пасады залежыць ад асобы, якая яе займае), мяркуе палітолаг, бо раней Лукашэнка ўжо давяраў чыноўніку важныя функцыі ды замежныя праекты, сярод іншага, стасункі з Венесуэлаю.

Эксперт падкрэсліў, што Шэймана няварта лічыць канкурэнтам Віктара Лукашэнкі на палітычнай сцэне Беларусі, як часам мяркуюць некаторыя палітыкі. «Лукашэнка ўвесь час дае зразумець і словамі, і дзеямі, што ён у хаце гаспадар… Ён пакуль валодае ўсёю ўладаю, адсочвае ўсе рухі цела ў атачэнні, і калі ён адабрае нешта падобнае да барацьбы кланаў, то толькі тады, калі сам дае адмашку», – падкрэсліў палітычны аглядальнік.

Віктар Шэйман нарадзіўся ў 1958 годзе ў Воранаўскім раёне, дзе вялікі адсотак палякаў. У 1990–1994 гадах ён быў дэпутатам Вярхоўнага савету, сакратаром камісіі Вярхоўнага савету ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю. У 1994–2000 гадах займаў пасаду дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі – памочніка прэзідэнта ў нацыянальнай бяспецы. У 2000–2004 гадах – генеральны пракурор. З лістапада 2004 да студзеня 2006 года – кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. 4 студзеня 2006 года вызвалены ад пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. Узначальваў перадвыбарны штаб Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. З сакавіка 2006 года – дзяржсакратар Савету бяспекі Беларусі.

Адстаўка Шэймана з пасады дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі адбылася 8 ліпеня 2008 года, на наступны дзень пасля нарады пра ход расследавання крымінальнай справы паводле факту выбуху ў Менску 4 ліпеня 2008 года. На нарадзе прэзідэнт заявіў Шэйману: «Не думаю, што вы павінныя заставацца на гэтай пасадзе пасля інцыдэнту. Вы вінаватыя, перш за ўсё! Вы на даручэнне прэзідэнта не адзін год, а дзесяць гадоў арганізуеце такія мерапрыемствы. І нічога не зрабілі!»

Віктар Шэйман разам з іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі падазраецца міжнароднымі структурамі ў дачыненні да гучных знікненняў людзей. Ён унесены ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу і ЗША.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў