Амерыканскі музычны партал выбірае беларускія цымбалы


Амерыканскі рэсурс этнічнае музыкі «World Music Central» рэкламуе сваім наведнікам «файны фолк-альбом з Беларусі» – дыск «Dulcimer of Belarus» («Беларускія цымбалы»).

«Гэта выдатны альбом народнай музыкі з Беларусі. Вольга Мішула, сусветна вядомы віртуоз беларускіх цымбалаў, у суправаджэнні беларускага фолк-гурта «Кірмаш» – скрыпкі, баяна, кантрабаса, кларнета, жалейкі ды флейты», – піша працаўнік парталу Маданмахан Рао (Madanmohan Rao).

Маданмахан Рао – музычны рэдактар і ды-джэй з індыйскага Бангалору, які спецыялізуецца на этна-музыцы і джазе. Але калі журналіст дае рады патлумачыць англійскамоўным чытачам, што «баян – гэта такі акардэон», то нашую жалейку ён не ідэнтыфікуе як дудку, а папросту пакідае яе без перакладу – як спецыфічны «духавы інструмент «jaleika».

«Гук жывы і свежы, і ён напалову заменіць паездку ў Менск, калі хто хацеў бы пачуць мясцовую музыку», – лічыць аўтар артыкулу. Найлепшымі ж з 16 трэкаў альбому, большасць з якіх – інструментальныя, ён назваў «Польку дзедаўскую» і традыцыйны вугорскі «Чардаш», а таксама «натхнёныя Лацінскаю Амерыкаю» «Замалёўкі Кубы».

Вольга Мішула – беларуская цымбалістка, якая жыве ў Нямеччыне. Ейны дыск «Беларускія цымбалы» выйшаў яшчэ ў 2008 годзе, але на радзіме музыкі шырокага распаўсюду пакуль не атрымаў.

Паўліна Калтавічанка, belsat.eu

Стужка навінаў