“Гэта свята, калі бяруць ваду...”


Праваслаўныя вернікі Беларусі святкуюць Вадохрышча. Чэргі, аднак, не ў царкву, а да ёмістасці са свянцонаю вадою.

Паводле народнага календара, Вадохрышча заканчвае калядны перыяд, звязаны са святкаванням Раства. Гэтае свята – адно з самых старажытных у хрысціянскай традыцыі. Царква ўзгадвае ў гэты дзень хрышчэнне Ісуса Хрыста ў рацэ Іярдан, адсюль і народная назва свята – Ярдан. Лічыцца, што ў гэты дзень людзям паказалася ўся Боская Тройца: Сын Божы, які прыняў хрост з рук Яна Хрысціцеля, Бог-Айцец, які прамовіў з нябёсаў, і Святы Дух, які ў постаці галубкі спусціўся з неба. Момант хрышчэння Хрыста называецца багасловамі пачаткам ягонай публічнай дзейнасці. Пасля хросту і посту ў пустэльні Сын Божы, паводле Бібліі, распачаў вандраванне па Палестыне, навучаючы пра Нябеснае Валадарства.

{movie}Вернікі тлумачаць сэнс святкавання Вадохрышча|right|8664{/movie}
Паводле праваслаўнай традыцыі, на Вадохрышча адбываюцца купанні ў палонцы. Лічыцца, што той, хто акунуўся ў гэты дзень ў лядовую ваду, будзе ўвесь год здаровы. На Вадохрышча асвячаецца вада, ужыванне якой, паводле народнага меркавання, спрыяе добраму фізічнаму і духоўнаму стану. Сёлета па свянцоную ваду ля менскага Свята-Духава кафедральнага сабору ўтварылася чарга на некалькі сотняў метраў. Людзі цярпліва чакалі на марозе, каб набраць вадкасць у пластыкавыя ёмістасці. Растлумачыць, аднак, сэнс хрысціянскага свята змог далёка не кожны. “Вадохрышча – гэта свята, калі бяруць ваду… Гэта Боскае свята, Каляды і ўсё такое”, – сказала адна з жанчын ля царквы. “Вада лечыць, дае надзею на будучыню, веру ў людзей ды Бога і ва ўсё харошае”, – дадаў запытаны мужчына.

Паводле айца Сяргея Арлова, прадстаўніка Беларускай праваслаўнай царквы, адказнага за працу з медыямі, самае важнае падчас Вадохрышча – гэта духоўнае рыхтаванне і судакрананне да святога.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў