Нявестка Лукашэнкі. Што крыецца за сціплым швэдрам і ўсмешкаю?


https://youtu.be/BvUl62L7mJs
Ганна Лукашэнка, жонка сына кіраўніка краіны Дзмітрыя, дапамагае дочкам з заданнямі па беларускай мове і сама не цураецца размаўляць па-беларуску. На цырымоніі ўзнагароды дачок за найлепшыя творчыя працы па беларускай літаратуры Ганна паводзілася надзвычай стрымана і старалася быць незаўважанаю.

Творчыя працы ўнучак Аляксандра Лукашэнкі, Настассі і Дар’і, прызналі найлепшымі сярод твораў школьнікаў, якія ўзялі ўдзел у літаратурным конкурсе, прысвечаным 130-годдзю з дня нараджэння Якуба Коласа. На цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў у Літаратурным музеі Якуба Коласа дзяўчат прывезла іхная маці – Ганна. Менавіта яна, паводле Настассі і Дар’і, дапамагла перакласці іхныя конкурсныя працы на беларускую мову, бо дзяўчаты пісалі свае творы па-расейску. Журналістцы, што папрасіла каментара, Ганна Лукашэнка адказала на беларускай мове: “Прабачце”.

На імпрэзе Ганна была ў даволі сціплым бэжавым швэдры з бліскучымі элементамі ды намагалася не прыцягваць да сябе ўвагі. Падчас цырымоніі яна размаўляла з невядомым хлопчыкам, што сядзеў побач з ёю. Пасля рэплікі жанчыны хлопчык паднёс да скроні два пальцы і зымітаваў стрэл у галаву. Засталося невядомым, пра што ён размаўляў з Ганнаю Лукашэнкаю.

{movie}Ганна Лукашэнка на цырымоніі ўзнагароджання дачок |right|8663{/movie}

Вядома, што жонка Дзмітрыя Лукашэнкі паходзіць са Шклова. У шлюбе з сынам прэзідэнта Беларусі – з 2002 года. Жанчына працуе намесніцаю генеральнага дырэктара па маркетынгу будаўнічай кампаніі “Юнівест-М”, якая належыць блізкаму да Аляксандра Лукашэнкі алігарху Анатолю Тарнаўскаму. Цікава, што Ганна досыць часта асабіста прэзентуе праекты кампаніі ў сферы нерухомасці на дзелавых спатканнях.

Ганна Лукашэнка ў 2009 годзе была заўважаная ў Нацыянальным мастацкім музеі на закрытым паказе працаў беларускіх мадэльераў для графіні Рэйн Спэнсэр (Raine Spencer), мачыхі брытанскай прынцэсы Дыяны. Выкладзеныя ў інтэрнэт здымкі Ганны Лукашэнкі праз некаторы час зніклі з сеціва.

Напачатку 2013 года Ганна разам з мужам Дзмітрыем і дзвюма дочкамі наведалі Дом дзіцяці ў Менску. Гэта было першае публічнае з’яўленне сярэдняга сына прэзідэнта Беларусі з сям’ёю.

Відавочна, што падлеткавыя гады Ганны Лукашэнкі прыпалі на “далукашэнкаўскія” 90-я, падчас якіх яна паспела, верагодна, пазнаёміцца з гісторыяй Беларусі з бел-чырвона-белых падручнікаў і вывучыць беларускую мову.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары