Булгакаў: Улады не ўзгадваюць пра Каліноўскага, бо баяцца ўзброенага паўстання


Ці знікла постаць кіраўніка вызвольнага паўстання 1863 года з гістарычнай памяці беларусаў? Пра гэта – у інтэрв’ю з выдаўцом і публіцыстам, былым рэдактарам часопісу “Arche” Валеркам Булгакавым.

Кастуся Каліноўскага лічаць сваім героем і беларусы, і палякі, і літоўцы. Што гэты дзеяч зрабіў для нашага народу, які ў тыя часы яшчэ не меў незалежнай дзяржавы пад назваю Беларусь? Паводле Валеркі Булгакава, Беларусь існавала ўжо тады, адно толькі разуменне яе было зусім іншае. І менавіта Кастусь Каліноўскі дзякуючы сваёй грамадска-палітычнай дзейнасці выклікаў цэлую хвалю дэбатаў пра Беларусь, беларусаў ды іхную мову, якія мелі вялікае значэнне напрыканцы XIX ст.

Валер Булгакаў. Фота belsat.euВалер Булгакаў. Фота belsat.eu“Фактычна праз 20–30 гадоў пасля таго, як адбылося паўстанне, пасля таго, як Кастусь Каліноўскі друкаваў улёткі на беларускай мове, пасля таго, як яго пакаралі ў Вільні, узнік беларускі нацыянальны рух <…> Паўстанец Каліноўскага Францішак Багушэвіч стаў, уласна кажучы, і бацькам беларускай мадэрнай нацыі”, – тлумачыць Валерка Булгакаў.

Зразумела, што з боку ўладаў Беларусі, якія фактычна перанялі дыскурс расейскага самаўладдзя, постаць Каліноўскага, з якім асацыюецца супраціў уладзе са зброяю ў руках, не можа выклікаць прыхільных ацэнак. Тут можна прыгадаць заснаваную пасля набыцця краінаю незалежнасці ўзнагароду імя Каліноўскага, якую ніхто гэтак і не паспеў атрымаць: яе адразу ж скасаваў Лукашэнка.

Аднак, лічыць Булгакаў, не трэба перабольшваць сімвалічнага значэння дзеянняў дзяржавы ў выцісканні постаці кіраўніка паўстання з нацыянальнай памяці. Ён кажа, што беларусы на нізавым узроўні (ангел. grassroots) шануюць Каліноўскага. “Выходзяць публікацыі, адбываюцца канферэнцыі, праходзяць навуковыя доследы, нават робяць татуіроўкі на грудзёх”.

Паводле Булгакава, нацыянальна ангажаваная частка грамадства ўжо ўспрыняла і культывуе памяць пра паўстанне і яго кіраўніка, а дзяржава дыстанцуецца, бо баіцца, што яе можа напаткаць падобны гістарычны досвед: “Выглядае на тое, што беларускі рэжым нельга рэфармаваць дэмакратычным шляхам, таму паўстанне, бунт набываюць у гэтай сітуацыі асаблівую вастрыню”. {movie}Валер Булгакаў разважае пра Каліноўскага ў праграме “Прасвет”|right|8662{/movie}

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў