Пракурор: Юлія Цімашэнка заплаціла за забойства $ 3 млн


Генеральная пракуратура Украіны вінаваціць былую прэм’ер-міністарку ў датычнасці да забойства дэпутата Вярхоўнай рады Яўгена Шчэрбаня ў 1996 годзе.

У пятніцу генеральны пракурор Украіны Віктар Пшонка заявіў, што расследаванне забойства скончанае. У выніку двух былых прэм’ер-міністраў Украіны – Юлію Цімашэнку і Паўла Лазарэнку – назвалі замоўцамі забойства.

«Першыя $ 500 тыс. – асабіста з бандаю разлічыўся Лазарэнка пасля забойства. А потым $ 2,3 млн было пералічана. І ўсе пералікі арганізавала Цімашэнка. Гэта кошт таго забойства, якое задумалі і здзейснілі праз бандытаў, праз бандыцкую групоўку і Лазарэнка, і Цімашэнка», – зазначыў Віктар Пшонка.

Генеральны пракурор паабяцаў, што бліжэйшым часам Юліі Цімашэнцы, якая ўжо адбывае 7-гадовы тэрмін за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, прадаставяць новае афіцыйнае абвінавачанне. Цяпер ёй пагражае пажыццёвае зняволенне.

Паводле Пшонкі, Шчэрбань, які на той час быў адным з самых багатых людзей ва Украіне, не захацеў падпарадкоўваць свой бізнес кампаніі «Адзіныя энергетычныя сістэмы Украіны». У сярэдзіне 1990-х ёю кіравала Юлія Цімашэнка. Яўгена Шчэрбаня застрэлілі разам з ягонаю жонкаю ў аэрапорце Данецку.

Абодва падазраваныя катэгарычна адмаўляюць, што ўдзельнічалі ў забойстве.

Аліна Кашкевіч

Стужка навінаў