Дырэктара «Белавежскай пушчы» могуць звольніць


Такую інфармацыю перадаюць працаўнікі нацыянальнага парку.

У прыёмнай Мікалая Бамбізы паведамілі: “Мы чулі пра адстаўку, але афіцыйнага рашэння трэба пачакаць”.

Мікалай Бамбіза праславіўся тым, што падчас ягонага кіраўніцтва быў дазволены адстрэл зуброў, актыўна пачалі вырубацца дрэвы. Таксама вядома пра ягонае імкненне да татальнага кантролю над мясцовымі жыхарамі. Ім дазволілі збіраць грыбы і ягады толькі ў пэўных месцах, а дырэктар Нацыянальнага парку падзяліў тэрыторыю лесу на ўчасткі і замацаваў іх за пэўнымі населенымі пунктамі.

На меркаванне эколага Вольгі Астаповіч, кіраўніцтва Бамбізы нанесла найбольшую шкоду Белавежскай пушчы. “Дырэктар парку нібыта развіваў паляўнічы турызм, але дакладна вядомыя выпадкі незаконнага адстрэлу жывёлаў, турыстам за пэўную плату дазвалялі паляваць нават у закрыты сезон. Апроч таго, ёсць сведчанні, паводле якіх элітныя і старажытныя пароды дрэваў ідуць з пушчы на экспарт. Кіраўнік нацыянальнага парку не мог пра гэта не ведаць”, – заявіла Вольга Астаповіч.

Яна падкрэсліла, што сабраныя матэрыялы, якія сведчаць пра парушэнні пры кіраўніцтве Бамбізы, у Міністэрстве прыроды не разглядалі ўсур’ёз. “Вядомыя выпадкі, калі загадам Мікалая Бамбізы забаранялася знаходжанне на тэрыторыі Белавежскай пушчы эколагаў. Валерыю Дранчуку не дазвалялі знаходзіцца ў парку, бо ён даследаваў праблемы воднага рэжыму пушчы”, – дадала эколаг.

belsat.eu

Стужка навінаў