Жонка Бяляцкага: Муж у турме не мае часу чытаць кнігу пра сябе


У Менску адбылася прэзентацыя раману-рэпартажу журналіста Валерыя Каліноўскага «Справа Бяляцкага». Вязень кнігу атрымаў, але прачытаць ніяк не атрымліваецца: бракуе часу праз турэмную працу, паведаміла жонка палітзняволенага Наталля Пінчук.


Аснову раману-рэпартажу склалі публіцыстычныя артыкулы журналіста, які працаваў над тэмаю арышту і крымінальнага пераследу праваабаронцы. Спадар Каліноўскі адзначыў, што пісаць кнігу пачаў адразу пасля таго, як абвесцілі вырак Бяляцкаму: «У кнізе я стараўся паказаць асобу Алеся Бяляцкага, сам працэс, які, на мой погляд, быў несправядлівым, палітычны пераслед». Ён спадзяецца, што другую частку кнігі напіша сам палітвязень.

Наталля Пінчук зазначыла, што Алесь Бяляцкі па-за працаю адказвае на шматлікія лісты, што прыходзяць да яго з волі. Гэта таксама ўплывае на тое, што да кнігі ў яго не даходзяць рукі: «Пакуль Алесь не адкажа ўсім, за чытанне не возьмецца».

{movie}Жонка Бяляцкага: Муж не мае часу чытаць пра сябе|right|8641{/movie}
Спадарыня Пінчук нядаўна бачылася з мужам у турме. Зняволены дзеяч трымаецца даволі бадзёра і не падае духам. «Калі б не турэмная роба і не кароткая жахлівая прычоска, то можна было б згадаць цывільнага Алеся Бяляцкага», – мяркуе жонка зняволенага праваабаронцы.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, лідар ліквідаванага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне паводле прысуду за ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйных памерах. Суд пакараў Бяляцкага 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага паслужыла наяўнасць рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія на іх пераводзіліся, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не ўзялі пад увагу і той факт, што шкоду, якую Бяляцкі нібыта нанёс дзяржаве, цалкам пакрылі за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзянаў.

Алесь Бяляцкі займаецца пакаваннем швейных вырабаў, як кажа ягоная жонка, але сам не шые. Паводле аднаго з лістоў, напісаных да праваабаронцы Насты Лойкі, Бяляцкі працуе 8 гадзінаў на дзень, стараецца займацца самаадукацыяй і піша нарысы.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў