У Расею вярнуліся 90-ыя: галоўнага балетмайстра Вялікага тэатру аблілі кіслатою


Калегі пацярпелага лічаць, што яму адпомсцілі за прынцыповасць у прафесійнай дзейнасці.

Учора позна ўвечары невядомы ў масцы выпліснуў у твар мастацкаму кіраўніку балетнай трупы Вялікага тэатру Сяргею Філіну кіслату. Гэта здарылася на аўтастаянцы побач з домам ахвяры на вул. Траецкай у Маскве. Балетмайстра з апёкамі твару і вачэй завезлі ў шпіталь. Ягонаму жыццю ўжо нічога не пагражае, наперадзе – аперацыя на вачах у Маскве і яшчэ адна – у апёкавай клініцы ў Бельгіі.

Расейскаму «Первому каналу» калегі спадара Філіна распавялі, што праз тэлефон яму пагражалі невядомыя, а ў дзень здарэння пракалолі апоны аўтамабіля. «Супраць Сяргея пастаянна ішлі пагрозы, з тых часоў, як ён заняў гэтую пазіцыю, і да яго змагаліся з ягонымі папярэднікамі. Мы ніколі не думалі, што вайна вось гэтая за ролі, а не за нерухомасць, не за нафту, можа дайсці да такога ўзроўню крыміналу. І заўсёды здавалася і хацелася верыць, што людзі, звязаныя з тэатрам, валодаюць максімальнаю мараллю. Вось таму гэтая гісторыя абсалютна страшная», – распавяла «Первому каналу» кіраўніца прэс-службы тэатру Кацярына Новікава.

Генеральны дырэктар Вялікага тэатру Анатоль Іксанаў выказвае такое ж меркаванне: «Я на 100 % упэўнены, што гэта звязана менавіта з ягонаю прафесійнаю дзейнасцю. Паўтаруся: ён чалавек прынцыповы, і на саступкі ніколі не ішоў. Калі ён лічыў, што той ці іншы артыст не гатовы або не можа выконваць тую ці іншую партыю, ён яму адмаўляў».

Гэтую версію ў якасці асноўнай разглядае і паліцыя, але не выключае таксама бытавую.

АК паводле «Интерфакса», «Первого канала»

Глядзі таксама
Каментары