Рыа-дэ-Жанэйра рыхтуецца да карнавалу


Школа танцу «Grande Rio», якая летась заняла толькі пятае месца сярод школаў самбы, гэтым разам збіраецца ўзяць рэванш. Сёлета танцоры не толькі кардынальна зменяць строі ды платформу для выступу, але і песню – пад гукі самбы ўздымуцца тэмы нафты і карумпаванага ўраду.

Некалькі месяцаў таму парламент гвалтоўна павялічыў падаткі для нафтавых кампаніяў, якія адбілася на заробках працаўнікоў. У лістападзе ў Рыа прайшлі масавыя акцыі пратэсту, аднак закон застаўся без зменаў. Танцоры, шмат хто з якіх або працуе на нафтаздабыўчых і нафтапераапрацоўчых прадпрыемствах, або мае сваякоў, якія працуюць там, – працягнуць пратэст і падчас карнавалу.

«У нас сёлета моцная тэма нафты і ўлады, мы праспяваем аб праблемах Рыа-дэ-Жанэйра. Але, вядома ж, мы таксама пакажам і выдатнае шоу», – зазначае арт-дырэктар школы самбы «Grande Rio» Рабэрту Шанецкі (Roberto Szaniecki).
{movie}Падрыхтоўка да карнавалу ў Рыа|left|8636{/movie}
Мясцовыя школы самбы рыхтуюцца да карнавалу цэлы год, яны распараджаюцца бюджэтамі на мільёны долараў і наймаюць тысячы працаўнікоў. Падчас фестывалю падаецца, што ўся краіна ператварылася ў адную вялікую імпрэзу. Бразільцы звычайна стараюцца браць адпачынкі на гэты час і адкладаць важныя справы.

«Кожная школа самбы выставіць каля 4000 танцораў, што агулам дасць каля 50 тысячаў удзельнікаў. Якое яшчэ шоу вы ўзгадаеце з 75 тысячамі гледачоў і трансляцыяй на 150 краінаў? Гэта вельмі папулярная, вельмі важная імпрэза, якая яднае людзей», – паведамляе прэзідэнт школы самбы «Grande Rio» Эдсон Алівэйра (Edson Oliveira).

Карнавал у Рыа-дэ-Жанэйра распачнецца 9 лютага і працягнецца тры дні.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Стужка навінаў