Італьянскі інвестар да беларусаў: Рабіце што хочаце, а жыць тут не будзеце


Замежныя інвестары прыйшлі ў вёску Залессе Берасцейскай вобласці. Італьянскаму прадпрыемству «Bissolo Gabriele Farm» не пасуюць мясцовыя жыхары, сярод якіх сем’і маладых адмыслоўцаў: праца вольнанаёмных работнікаў значна таннейшая. У выніку новыя гаспадары ў судовым парадку выганяюць беларусаў, каб вызваліць месца для рабочых з Украіны, Румыніі ды нават з Эфіопіі.

«Вы ў гэтым доме жыць не будзеце»

Марына Калядзіч, не атрымаўшы ніякага ўцямнага адказу ні ад мясцовых уладаў, ні нават з Адміністрацыі прэзідэнта, звярнулася ў рэдакцыю «Белсату» з лістом, дзе распавяла, што айчынныя чыноўнікі лічаць законным высяленне беларусаў, калі гэтага патрабуе інвестар. Сустрэцца з кіраўніцтвам «Bissolo Gabriele Farm» на месцы нашая здымачная група не здолела. Усе начальнікі былі на той момант ў Італіі.

{movie}Інвестар: “Рабіце што хочаце, а жыць тут не будзеце”|left|8616{/movie}

Сям’я Калядзічаў як маладыя спецыялісты атрымалі «прэзідэнцкі дом» некалькі гадоў таму. Зрабілі капітальны рамонт, бо жыць у наваздадзеным доме было немагчыма, збудавалі новы плот і цяпер мусяць выехаць. Невядома куды, бо кампенсаваць жытло інвестар не збіраецца. З прыходам замежнікаў муж страціў працу, сама Марына – у дэкрэце. Італьянцы не бяруць на працу, а гэта ўмова пражывання ў “прэзідэнцкім доме”. Калі выселяць, то пераязджаць давядзецца толькі да сваякоў. «Нам італьянскі інвестар проста заявіў: можаце пісаць, куды хочаце, ездзіць, куды хочаце, вы нічога не даб’яцеся. Маўляў, я патрачу столькі грошай, колькі будзе трэба, але вы ў гэтым доме жыць не будзеце», – распавядае Марына Калядзіч.

Маладыя людзі нават спрабавалі выкупіць будынак у новых уладаў, аднак тыя адмовіліся. Маўляў, наёмных рабочых тут змесціцца куды больш за адну сям’ю. «У дамкі тых, каго ўжо выселілі, засяляюць па 15–20 асобаў. Яны адпрацавалі – ды з’ехалі. Усё таму, што нашым патрэбныя і адпачынкі, і нейкія сацыяльныя гарантыі, а вольнанаёмным нічога такога не трэба, таму атрымліваецца значна танней», – тлумачыць жанчына.



Лукашэнка невінаваты

Пакуль што судовыя паведамленні атрымалі дзве сям’і, аднак плануецца вызваліць для замежных рабочых усе трыццаць пакуль яшчэ заселеных дамоў. Мясцовыя жыхары хоць і абураюцца, але што рабіць, не ведаюць. Каму ўжо толькі не пісалі…

«Мы звярталіся да беларускіх уладаў, тыя кажуць, што ўсё [інвестары] правільна робяць. Тут і Кенда [кіраўнік Кобрынскага райвыканкаму] і Сумар [кіраўнік Берасцейскага аблвыканкаму] – усе яны за іх! І натуральна – да нашага Аляксандра Лукашэнкі гэта не даходзіць. Не пускаюць, напэўна, далей», – мяркуе Яўгенія Лукашук з суседняй вёскі Сялец, што ходзіць у залескую краму па ежу. Паводле мясцовых, італьянцы не лічацца з меркаваннем беларусаў і «трымаюць нас за людзей ніжэйшай касты».

«Аб’ектыў» датэлефанаваўся дырэктару продажаў «bissolo gabriele farm» Крыст’яну Гўанэллю. Той паспяшаўся пахваліцца сваім «васьмігадовым журналісцкім стажам» і паспрабаваў уцячы ад тэмы.

Падрабязнасці – у сённяшнім «Аб’ектыве», як заўсёды а 21:00. Выданне цалкам можна будзе ўбачыць на нашай інтэрнэт-старонцы.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu

Стужка навінаў