Чаму дату інаўгурацыі трымаюць у таямніцы?


Рыхтаванне да інаўгурацыі вядзецца, але канчатковую дату яе правядзення пакуль не зацвердзілі.

Магчыма, інаўгурацыя адбудзецца 21 студзеня ў Палацы Рэспублікі. Пра гэта паведаміў журналістам сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Аднак ён дадаў, што гэта папярэдняя інфармацыя. “З Адміністрацыі прэзідэнта, што займаецца арганізацыяй мерапрыемства, пацверджання пра дату пакуль не паступала”, – заявіў чыноўнік.

Палітолаг Валер Карбалевіч кажа, што пытанне, чаму ўлады ўтойваюць дату інаўгурацыі, – хутчэй для псіхалагічных, а не паліталагічных даследаванняў. І тое, што хаваюць дату, і тое, з якою паспешлівасцю Лукашэнка змяніў урад, і працяг рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці – усе гэтыя факты сведчаць пра няўпэўненасць ўлады ва ўласнай перамозе, мяркуе Валер Карбалевіч. “Лукашэнку могуць палохаць і магчымыя акцыі пратэсту ў гэты дзень, хаця чаго палохацца – апазіцыя амаль цалкам знішчаная”, – указвае эксперт.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі зазначае, што беларускі рэжым ніколі не вызначаўся адкрытасцю, а ў гэтым выпадку і антураж правядзення імпрэзы зусім не святочны. “Падзеі Плошчы, кепскія адносіны з Еўропай і Расеяй, адсутнасць віншаванняў з нагоды выбрання на прэзідэнцкую пасаду ад рэспектабельных палітычных лідараў – усё гэта не дадае вясёлкавых фарбаў мерапрыемству. Таму ўлады з датай яго правядзення будуць цямніць да апошняга”, – упэўнены Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары