Марына Адамовіч: Статкевіч ніколі не звернецца да незаконнага прэзідэнта


Палітвязню Мікалаю Статкевічу, які адбывае пакаранне ў магілёўскай турме, зноў прапанавалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы.

Прычым, як расказала жонка зняволенага апазіцыйнага палітыка Марына Адамовіч, прапанову зрабілі ў даволі цынічнай форме. Адзін з турэмных начальнікаў звярнуўся да Статкевіча са словамі: «Хопіць ужо гуляць у «казакі-разбойнікі», выходзьце на волю і едзьце на мора». Паводле спадарыні Адамовіч, апошні раз турэмнае кіраўніцтва схіляла былога кандыдата папрасіць Лукашэнку аб памілаванні з паўгода таму. Тады адзін з капітанаў, які працуе ў турме, даў слова афіцэра, што больш не будзе «ціснуць» на Статкевіча, аднак цяпер той жа капітан зноўку імкнуўся паўплываць на палітыка. «Афіцэр не стрымаў свайго слова», – падкрэсліла кабета.

Спадарыня Адамовіч заўважыла, што ейнаму мужу прапаноўвалі напісаць заяву на імя Лукашэнкі з просьбаю памілаваць нават без прызнання віны. «Але Мікола лічыць, што нельга звяртацца да прэзідэнта, які кіруе нелегітымна і не мае насамрэч права кіраваць краінаю», – адзначыла жонка палітвязня. Яна баіцца, што пасля адмовы напісаць прашэнне аб памілаванні на Статкевіча ўзмоцніцца ціск з боку турэмнага кіраўніцтва або нават будуць учыненыя нейкія правакацыі.

На прэс-канферэнцыі 15 студзеня Лукашэнка сказаў пра палітвязняў:«Ці могуць яны датэрмінова выйсці? Могуць. Чытайце закон – там усё напісана. Калі вы хочаце ў мяне спытаць, ці магу я іх вызваліць, – таксама чытайце закон, у законе ўсё прапісана». Кіраўнік Беларусі адзначыў, між іншым, што не лічыць Мікалая Статкевіча супернікам.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў