Што яднае беларусаў?


З аднаго боку можна пачуць пра тое, што мы – народ, нацыя, а з іншага – гучаць галасы скептыкаў. Маўляў, нават не размаўляем на роднай мове, страцілі пачуццё самасвядомасці. Што ж аб’ядноўвае беларусаў? Супольныя імпрэзы? Мова? Можа, медыі? Таксама ўзнікае пытанне наконт лідара. Хто гэта – прадстаўнік культурніцкіх элітаў, палітык, а мо менавіта Аляксандр Лукашэнка?

Паводле Юліі Рымашэўскай-Дранчук з Майстэрні сацыяльнай рэкламы, усё значна прасцей. Галоўнае – самаідэнтыфікацыя, калі ў атачэнні прадстаўнікоў іншых нацыяў мы пачуваемся беларусамі.

Рэдактарка «belsat.eu» Вольга Швед зазначае, што, хоць беларусы і маюць праблемы з пачуццём самасвядомасці, паступова гэта знікае. Як не дзіўна, у тым ліку дзякуючы Аляксандру Лукашэнку. «Вельмі часта ён сам на гэта націскае, хоць часта людзі і ўкладаюць абсалютна іншы сэнс у слова «беларус», нават кажучы па-расейску «мы ж беларусы». Але гэта менавіта праз такое палітычнае супрацьстаянне», – зазначае журналістка.

{movie}Вольга Швед і Юлія Рымашэўская ў “Гарачым каментары”|right|8599{/movie}

Сёння стала вядома пра зняцце білбордаў, якія рэкламавалі беларускую мову. Чым абурылі чыноўнікаў здавалася б, бяскрыўдныя плакаты пра «маё першае слова» ці «мова = мама»?

«Як традыцыйна ў нашай краіне робіцца, вырашылі не чакаць, калі з’явіцца білборд з напісам «маё першае слова «сыходзь», што ўжо было ў сацсетках. Але мне здаецца, што гэта было зроблена на ўсялякі выпадак», – лічыць Юлія Рымашэўская-Дранчук.

У сваю чаргу Вольга Швед зазначае, што беларуская мова набыла збольшага адценне палітычнае і ад самой беларускай гутаркі некаторыя чакаюць другога дна.

Пра аб’яднанне беларусаў на бацькаўшчыне і за мяжою; чаму не ведаем свайго, беларускага і ці ёсць нам чым ганарыцца – у «Гарачым каментары».

belsat.eu

Стужка навінаў