Брытанскі партал: Калядная традыцыя ў Беларусі вымірае


«Дэйлі Мэйл» (Daily Mail) прадказвае адміранне народных традыцыяў адзначэння ў Беларусі старога Новага года, якія ўваходзяць у культурную спадчыну ЮНЭСКО.

«Канец традыцыі? Вяскоўцы выконваюць рытуал «Калядныя цары», вітаючы Новы год у Беларусі, – але над векавым абрадам навісла пагроза», – артыкул пад такою назваю 14 снежня апублікавала вышэйзгаданае выданне.

Вядзецца пра ўнікальны мясцовы абрад вёскі Семежава, што ў Капыльскім раёне Менскае вобласці. Свае карані ён бярэ ў XVIII стагоддзі, калі ля вёскі размяшчаліся царскія войскі. Згодна з мясцовым паданнем, жаўнеры на Новы год паводле юліянскага календара хадзілі па падворках і ладзілі відовішча. Калі войскі рушылі далей, жыхары ваколіцаў працягнулі іхную традыцыю, пераўтварыўшы яе ва ўнікальную калядную падзею. Пры гэтым абрад набыў шмат нацыянальных рысаў, напрыклад, «цароў» апраналі ў самабытныя семежаўскія белыя кашулі, перакрыжаваныя на грудзёх чырвонымі паясамі.

Аднавіць абрад пастанавілі ў 1996 годзе сучасныя насельнікі Семежава. Цяпер у гэтай урачыстасці штогод бяруць удзел з паўтысячы асобаў. Апроч роляў «Калядных цароў», ёсць ролі «бабулі» і «дзядулі». Апошняга брытанскае выданне падае як «dzad». Мабыць, маецца на ўвазе слова «дзяд». З надыходам цемры шэсце па вёсцы працягваецца ўжо з запаленымі паходнямі, што робіць відовішча яшчэ больш захапляльным.

Аднак ужо ў 2009-м ЮНЭСКО дадало абрад у Спіс нематэрыяльнае культурнае спадчыны, якая патрабуе тэрміновае аховы, бо… цікавасць да традыцыі зніжаецца. Як заўважае «Дэйлі Мэйл» (Daily Mail), «ёсць засцярогі, што рытуал з часам страціцца».

«Ён уключае ў сябе перформанс, касцюмы, мастацкія вырабы і нават адмысловыя стравы, але маладое пакаленне пачынае губляць цікавасць да падзеі», – непакоіцца брытанскі партал. У якасці падаюцца словы з дакументу ЮНЭСКО: «Сёння, хоць цырымонія папулярная сярод жыхароў старэйшага ўзросту, у маладога пакалення яе папулярнасць зніжаецца. Гэта можа прывесці да разрыву ў пераемнасці ведаў пра вытворчасць касцюмаў, інструменты, прадметы інтэр’еру і адмысловыя стравы, звязаных з падзеяй. Нематэрыяльная спадчына можа не прыжыцца ў сённяшняга пакалення вяскоўцаў».

Паўліна Калтавічанка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары