Незалежныя палітолагі заснавалі прэмію ў памяць Віталя Сіліцкага


Узнагароджанне за найлепшае даследаванне і аналітыку мусіць падтрымаць маларазвітую ў Беларусі навуку пра палітычную сферу грамадскіх дачыненняў.

Пра гэта «Белсату» распавёў адзін з сябраў журы, сузаснавальнік Інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Дзяніс Мельянцоў.

«У Беларусі паліталогія ў складаным становішчы, – мяркуе Мельянцоў. – Па-першае, гэта ўвогуле новая дысцыпліна для постсавецкай прасторы. Навуковыя супольнасці краінаў былога СССР цяпер мусяць перапрацоўваць усё, што на захадзе назапашвалася ад 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Па-другое, акадэмічная беларуская паліталогія не вывучае ўсяго комплексу праблемаў, да таго ж яна ідэалагізаваная».

Прэмію «За ўнёсак у развіццё паліталагічнай думкі ў Беларусі» заснаваў камітэт памяці Віталя Сіліцкага. Каардынатарка камітэту Дар’я Слабчанка мяркуе, што спаборніцтва навуковых працаў мусіць падтрымаць высокую планку вядомага беларускага даследчыка: «Мы хочам, каб узровень прафесіяналізму, які задаў Сіліцкі ў паліталогіі, захоўваўся. Гэта даволі вузкая сфера, але спадзяюся, што прэмія заахвоціць аўтараў працаваць больш”.

Агучыць памер прэміі для пераможцы каардынатары пакуль адмовіліся. Цяпер сябры і паслядоўнікі Віталя Сіліцкага займаюцца рэгістрацыяй дабрачыннага фонду. «Тады мы маглі б падтрымліваць палітолагаў больш сістэмна: выдаваць кнігі, праводзіць семінары», – расказвае Дар’я Слабчанка.

Намінантаў на прэмію памяці Віталя Сіліцкага можна прапанаваць праз адмысловую форму на сайце Камітэту памяці http://vitalisilitski.org/be да 28 лютага. У склад журы ўвайшлі больш за 20 палітолагаў і грамадскіх дзеячаў.

Камітэт памяці Віталя Сіліцкага стварылі ягоныя сябры і калегі ў траўні 2012 года, напярэдадні гадавіны смерці Віталя. Вядомы беларускі палітолаг, першы дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, сышоў з жыцця праз рак ва ўзросце 38 гадоў.

Аліна Каранкевіч/belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары