Ліст прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі да прэм’ера Польшчы: «падтрымайце «Белсат»


Пад зваротам да Дональда Туска падпісаліся першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, лідары кампаніі «Гавары праўду!» і руху «За свабоду» Уладзімір Някляеў і Аляксандр Мілінкевіч, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла і экс-старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анджэліка Борыс.

Падпісаныя дзякуюць ураду Польшчы за падтрыманне адзінага незалежнага беларускамоўнага тэлебачання і нагадваюць пра 5-гадовы даробак «Белсату» ў выглядзе адданых гледачоў, стварэння платформы для свабоднага абмеркавання палітычных, эканамічных і сацыяльных праблемаў.

«Можна сказаць, што «Белсат» стаў чымсьці большым, чым проста тэлебачаннем. Ён стаў апірышчам беларускае мовы і ўстановаю, якая аказвае істотную падтрымку незалежнаму грамадскаму жыццю ў Беларусі. У сённяшняй складанай эканамічнай сітуацыі ў Еўропе і ў Польшчы нас хвалюе той факт, што гэтая каштоўная і беспрэцэдэнтная ў агульнаеўрапейскім маштабе ініцыятыва можа быць закінутая. Нам вядома, што тэлеканал «Белсат», які ўжо два гады ў напаўафіцыйных умовах з беспрэцэдэнтнаю дынамікаю развіваецца ў Беларусі, змагаецца адначасова з катастрафічным недахопам сродкаў», – зазначаецца ў лісце.

Аўтары звароту падкрэсліваюць: няўхільнае скарачэнне і без таго сціплага бюджэту тэлеканалу не толькі не дазваляе «Белсату» развівацца, але і ставіць пад пагрозу яго існаванне ў наступным годзе.

«Сёлета (у 2012 годзе – belsat.eu) ўпершыню тэлеканал не быў у стане запэўніць нармальнай працы на працягу ўсіх 12 месяцаў і напрыканцы лістапада быў вымушаны адмовіцца ад усіх праграмаў у прамым эфіры і ад значнай часткі публіцыстыкі. У наступным годзе такая сітуацыя можа здарыцца ўжо ў кастрычніку», – заўважаюць падпісаныя.

У звароце падкрэсліваецца патрэба ўдзелу ў гэтай ініцыятыве таксама еўрапейскіх установаў. Бо хоць «Белсат» і атрымлівае дапамогу ад урадаў Швецыі, Нідэрландаў, Нарвегіі ды Рады міністраў Паўночных краінаў, сам Еўразвяз фінансавага падтрымання не ажыццяўляе.

«Мы разлічваем, аднак, што аўтарытэт як Польшчы, гэтак і Ваш асабісты, дазволяць пераканаць іх далучыцца да гэтай ініцыятывы. Магчымасці ўздзеяння Еўрапейскага Звязу, у тым ліку і Польшчы, на цяперашнюю ўладу ў Беларусі абмежаваныя. …Такія ініцыятывы, як тэлеканал «Белсат», дазваляюць рэальна ўплываць на сітуацыю не шляхам кантактаў з уладаю, а дзякуючы пашырэнню свядомасці, будуецца пачуццё ўласнай свядомасці народу. Гэта найлепшая інвестыцыя ў дэмакратычную будучыню Беларусі, даступная яе суседзям».

belsat.eu

Стужка навінаў