«Мова ці кава» стартавала ў Маскве


У Маскве распачаліся бясплатныя курсы беларускай мовы. Беларускамоўных, трасянкамоўных і расейскамоўных – на нефармальныя сустрэчы ў адной са сталічных кавярняў запрашаюць усіх без выключэнняў. У праграме – гульні, тэатральныя замалёўкі, зычлівая кампанія суайчыннікаў і добрая кава.

Першы ж занятак сабраў аншлаг, які здзівіў саміх арганізатараў. Асноўным выкладчыкам «Мовы ці кавы» стаў актор Васіль Дранько-Майсюк: «Прыйшлі чалавек 30–40, што самае цікавае – з цудоўнаю беларускаю моваю. Толькі двух–трох чалавек давялося папраўляць. І гэта здорава, што ў цэнтры Масквы беларусы сабраліся размаўляць сваёй мовай: п’юць каву, гуляюць у «мафію», жартуюць. Я вельмі ўсцешаны і з нецярплівасцю чакаю наступнага панядзелка».

Нехта з тых, хто сабраўся гэтым разам у кавярні, жыве ў Маскве некалькі месяцаў, хтосьці – усё жыццё і нават мае расейскі пашпарт. «Мая бабуля ведала беларускую мову дасканала, а маці выхавала ўва мне цікавасць да беларускай мовы. Я цяпер распавядаю сваім аднакурснікам пра Беларусь і беларускую мову, намагаюся бурыць стэрэатып, што Беларусь – гэта частка Расеі ці Польшчы», – Зміцер Ларыёнаў адзін з тых, хто нарадзіўся ў Расеі, але адчувае сябе беларусам.

Да таго ж беларуская мова, як высветлілася, цікавая і расейцам. Таццяна Траснікова сутыкнулася з ёю ў працы. Яна – міжнародны сакратар тэатральнага фестывалю імя Антона Чэхава, на якім рэгулярна выступае Тэатр Янкі Купалы.
{movie}”Мова ці кава” ў Маскве|left|8572{/movie}
«Як вядома, Тэатр Янкі Купалы толькі па-беларуску грае. Вельмі прыгожа. І таму, што шмат сяброў беларускіх, вельмі захацелася разумець не толькі тое, што напісана, але і тое, што кажуць», – пакуль па-расейску распавядае дзяўчына.

Адна з удзельніц, Юля, адзначыла, што трапна падабраная методыка навучання: «Форма гульні для вывучэння моваў – самая лепшая. Тут беларускую мову чуеш увесь час, яе выкарыстоўваюць суседзі злева, суседзі справа, няма ніякага прэсінгу і стрэсу, і атмасфера вельмі пазітыўная. Усё, што я сёння пабачыла, адпавядала маім чаканням».

Міхал Лаеўскі адчувае сябе беларусам, хоць і нарадзіўся, скончыў школу і жыве на Камчатцы. Мова знаёмая яму з дзяцінства, бо тата размаўляў з Міхалам пераважна па-беларуску: «Вельмі задаволены, што нарэшце ў кагосьці ўзнікла думка зрабіць гэтую сустрэчу: каб пачаць займацца тут, у Маскве, у цэнтры Расеі, беларускаю моваю. Тым больш сярод беларускіх грамадзянаў, бо ў сучасных варунках у самой Беларусі гэта практычна немагчыма».

А сабрала ўсіх беларуска, якая ўжо дзесяць гадоў жыве ў Маскве, Кацярына Кібальчыч. Яна б хацела, каб маскоўскі прыклад падштурхнуў да стварэння гэткіх курсаў на радзіме. Кацярына прызнае, што і сама не надта добра валодае беларускаю, але лічыць, што гэта не прычына саромецца на ёй размаўляць: «Некаторыя людзі думаюць: ці я перайду на беларускую мову, ці я стану беларускамоўным, ці я застануся расейскамоўным; не, я не буду вучыць беларускую мову, бо ўсё адно я не буду гаварыць у сваім звычайным жыцці на ёй. А я думаю, што калі мы будзем ведаць беларускую мову, то ў нас ужо будзе магчымасць выбару, якою моваю карыстацца».

Плануецца, што заняткі будуць праходзіць кожны панядзелак.

А.Р./belsat.eu

Стужка навінаў