Еўрапарламент мае прыняць рэзалюцыю па Беларусі


У праекце рэзалюцыі – забарона на ўезд у ЕЗ для шэрагу беларускіх чыноўнікаў, зніжэнне візавых збораў для беларусаў ды дапамога студэнтам, выключаным з вну за ўдзел у мірных пратэстах.

У якасці праекта рэзалюцыі парламентарыі разгледзяць дакумент, прыняты 12 студзеня ў Брусэлі па выніках дыскусіі, якая прайшла ў рамках пасяджэння камітэта па замежных справах Еўрапарламента.

Як паведамляў БелаПАН, па выніках слуханняў, якія праходзілі з удзелам беларускай апазіцыі, кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузек, камітэт па замежных справах, парламенцкі падкамітэт па правах чалавека, а таксама дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю і ў Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест) выступілі з сумеснай заявай.

У заяве кіраўніцтву Еўрасаюза прапаноўваецца прыняць наступныя дзеянні:

– увесці забарону на ўезд у краіны ЕС беларускіх чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў гвалтоўным удушэнні 19 снежня 2010 года, і замарозіць іх рахункі;

– узмацніць фінансавую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і НДА;

– павялічыць фінансавую дапамогу і стыпендыі беларускім студэнтам, выключаным з універсітэтаў за ўдзел у мірных пратэстах;

– знізіць візавыя зборы для беларускіх грамадзян і адмяніць іх для студэнтаў, вучоных і людзей мастацтва;

– перагледзець пазіцыю міжпарламенцкіх адносін з Беларуссю, у тым ліку ў кантэксце Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест).

У ходзе дэбатаў Ежы Бузек заявіў: беларускія ўлады павінны зняць абвінавачанні з актывістаў апазіцыі, затрыманых за ўдзел у акцыі 19 снежня, а тым з іх, хто мае патрэбу ў медыцынскай дапамозе, аказаць яе належным чынам. Гэта ўмова з`яўляецца абавязковай, калі Беларусь хоча мець якія-небудзь адносіны з Еўропай, падкрэсліў кіраўнік Еўра Еврапарламента.

Палітычнае рашэнне Еўрасаюза аб санкцыях у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў павінна быць прынята 31 студзеня на нарадзе міністраў замежных спраў краін ЕС.

belsat.eu

Стужка навінаў