Анна Дынэр: Беларусь падпісала частку дакументаў пра малы прымежны рух


Ці прасцей будзе трапіць у краіны Еўразвязу і ці патаннеюць візы? Пра гэта – у «Гарачым каментары».

У лютым міністр замежных справаў Уладзімір Макей наведае Тбілісі, дзе сустрэнецца з еўракамісарам у пытаннях пашырэння палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле. Ці азначае гэта новы дыялог паміж Бруселем і Менскам, і чаму сустрэчу прызначылі менавіта ў Грузіі?

Палітолаг Анна Дынэр з Польскага інстытуту замежных справаў кажа, што размова пра лібералізацыю візавага рэжыму наўрад ці пачнецца чацвёрты раз, калі Беларусь не падпіша дамову пра рэадмісію. З Расеяй Еўразвязу ўдалося дасягнуць такога пагаднення, што стала падставаю для спрашчэння выезду жыхароў гэтай краіны ў зону Шэнген. І ў гэтым святле выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён не будзе ахоўваць Еўропу ад нелегалаў, не робяць добрай рэкламы Менску.

Таму бліжэйшым часам беларусы наўрад ці пазбегнуць чэргаў ля консульстваў. Часткова зняць праблему памагла б ратыфікацыя дамовы аб малым прымежным руху з Польшчаю ды Літвою. Размова пра гэта вядзецца ўжо колькі гадоў. Польскі бок, як вядома, усе дакументы ратыфікаваў. Справу тармозіць Менск. Паводле Анны Дынэр, беларускі бок усё ж такі падпісаў частку дакументаў, справа – за фінальнаю нотаю. Але ў гэтай справе Польшча больш зрабіць нічога не можа.

{movie}Анна Дынэр у “Гарачым каментары”|right|8552{/movie}Магчыма, візавыя пытанні будуць закранацца на неафіцыйным спатканні Уладзіміра Макея і Штэфана Фюле. Анна Дынэр не лічыць гэта пачаткам новага дыялогу Еўразвязу з Беларуссю, але пазітыўна ацэньвае самое існаванне магчымасці сустракацца. Паводле яе, Грузію бакі абралі як нейтральную краіну для перамоваў.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў