Новыя «фішкі» «Facebook’у»: $ 100 за ліст Цукербэргу


Заплаціўшы за сваё паведамленне, атрымліваеш гарантыю, што яно не трапіць у спам.

Новыя тарыфы ў «Facebook»

Карыстальнікам самай буйной сацыяльнай сеткі, не падпісаным на абнаўленні статусаў заснавальніка старонкі Марка Цукербэрга, прапаноўваецца заплаціць $ 100 за асабістае паведамленне на ягоны адрас. Пералічыўшы грошы, можна быць упэўненым, што паведамленне трапіць у тэчку «ўваходныя», а не ў спам.

Новаўвядзенне ёсць «экстрэмальным» варыянтам сэрвісу платных паведамленняў. Раней праходзіла інфармацыя, што атрымальнікамі такіх пасланняў стануць карыстальнікі, якія не фігуруюць у спісе сяброў адпраўніка. Афіцыйна пакуль тарыф не агучваўся, аднак, паводле некаторых звестак, плата складзе $ 1 за паведамленне.

{movie}Праграма “Dэвайс” (14.01.13)|right|8550{/movie}Навуковец прысвяціў цэлую працу… прынцыпу даміно

Тымчасам галандскі прафесар з Лейдэнскага ўніверсітэту Ян ван Леэўэн (Jan van Leeuwen) разабраўся з «ланцуговаю рэакцыяй даміно». Вядома, што падчас падзення костка даміно валодае дастатковай энергіяй, каб прымусіць падаць костку большага памеру. Гэтыя суадносіны роўныя адзін да паўтара, то бок костка даміно можа перакуліць костку, у 1,5 разу большую за сябе.

У новай працы навуковец пабудаваў ідэальную матэматычную мадэль, пры якой даміно не праслізвае. У выніку яму ўдалося даказаць, што нават у гэтых здагадках каэфіцыент завалу суседскай косткі не можа перавышаць 2. На жаль, толькі аб практычным боку ўласнага даследавання ван Леэўэн нічога не піша.

Цяпер экзашкілеты будуць з заплечнікам

Кампанія «Activelink» прадэманстравала новую версію рабатызаванага экзашкілета «POWER LOADER» (лайт), які ўяўляе з сябе больш простую мадэль серыі, прадэманстраванай яшчэ ў 2010 годзе. Экзашкілет новай генерацыі больш кампактны і дазваляе перасоўваць сваймі маніпулятарамі да 30 кілаграмаў вагі.

Таксама ў канструкцыю ўлучылі адмысловы «заплечнік», у які можна загрузіць 60 кг патрэбных рэчаў без уліку акумулятарнай батарэі, ад якой сілкуецца экзашкілет. Рухавікі прылады кіруюцца з дапамогаю сігналаў ад сэнсараў сілы, размешчаных у «падэшвах» металёвага гарнітуру. Пры пэўным узроўні падрыхтаванасці аператара рухі экзашкілету набываюць натуральнасць, а роварнае сядло прымае на сябе частку вагі аператара.

Танныя таблеты з’явяцца ў продажы напрыкацы студзеня

Кампанія «ASUS» прызначыла старт продажаў бюджэтнага 7-цалёвага таблета «MeMO Pad» ужо на другую палову студзеня. Прылада пад кіраваннем аперацыйнай сістэмы «Android Jelly Bean» крамы атрымаюць коштам ад $ 149 . Таблеты будуць даступныя ў корпусах 3 колераў: белага, тытанавага і ружовага.

За невялікі кошт карыстальнік атрымае пераносны камп’ютар з працэсарам 1 Гц і з аператыўнай памяццю 1 Гб. Апроч гэтага, у таблеце ёсць слот для картаў памяці «microSD», мегапіксельная камера і модуль «Wi-Fi». Вага 7-цалёвай прылады – 370 гр. Канструктары цвердзяць, што іхны твор зможа аўтаномна працаваць да 7 гадзінаў. Ніякіх дадатковых аксесуараў для «ASUS MeMO Pad» не прадугледжваецца.

Гэтыя тэмы вы можаце паглядзець у праграме «Dэвайс». Іншыя тэмы выпуску: валокны мачнейшыя за сталь, новае пакаленне бінокляў, першы ролік гульні «CYBERPUNK 2077» апублікаваны ў сеціве.

belsat.eu, AK

Стужка навінаў