Моладзь з Гомля шчадравала проста на гарадскім рынку. Яны віншавалі гандляроў, жартавалі, спявалі калядкі, вадзілі казу. Як рэагавалі на гэта прадпрымальнікі, наведнікі рынку?
Гомельскія бізнесоўцы і мінакі надзвычай прыязна віталі маладзёнаў з грамадскай арганізацыі “Талака”, што спявалі шчадроўкі сярод гандлёвых радоў. Асаблівую радасць у гомельцаў выклікала каза, якая, згодна са старой беларускай традыцыяй, адчуваючы раптоўную слабасць, валілася на зямлю, а потым зноў да яе вярталася здароўе з дапамогаю падарункаў.
{movie}Каляднікі на рынку ў Гомлі|right|8549{/movie}
Каляднікаў трэба абавязкова адорваць, мяркуюць працаўнікі базару: «Каб увесь год быў шчодры, і каб да нас людзі былі таксама шчодрыя. Дасі – і табе тады дадуць». «Гэта ж нашае свята, гэта ж клас! Людзі прыходзяць і жадаюць радасці, шчасця – трэба ім штосьці даць узамен», – зазначаюць прадпрымальнікі.
Калядныя святы, падкрэсліў навуковы супрацоўнік Веткаўскага музею народнай творчасці Пётр Цалка, – адныя з самых старажытных беларускіх абрадаў, архаічнасць якіх даказвае ўдзел ва ўрачыстасцях жывёлінаў, постацяў народнай міфалогіі ды казак.
Максім Ярашэвіч, belsat.eu