Закуліссе прэс-канферэнцый Лукашэнкі: Пра што не варта пытаць кіраўніка дзяржавы?


Кіраўнік дзяржавы заўтра дасць прэс-канферэнцыю для медыяў Беларусі. «Белсат» распытаў калегаў з незалежных медыйных сродкаў пра тое, як адбываюцца гэткія сустрэчы і якія пытанні няварта задаваць Лукашэнку.

На прэс-канферэнцыю – з «масоўкаю»!

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, на прэс-канферэнцыю запрошаныя больш за 350 прадстаўнікоў 285 медыяў. Але нягледзячы на такую вялікую колькасць журналістаў, чакаецца, што ў якасці гледачоў возьме удзел і «масоўка» з чыноўнікаў і функцыянераў БРСМ. Прынамсі гэтак было ў папярэднія гады.

Ад рэдакцыі: Сёлета на прэс-канферэнцыю да Лукашэнкі запрошаныя не толькі дзяржаўныя журналісты, але і іхныя калегі з незалежных медыяў. На жаль, здымачнай групы «Белсату» ў гэтых шэрагах няма з палітычных матываў: улады Беларусі адмаўляюць нашаму тэлеканалу ў акрэдытацыі ў краіне. Тым не менш самыя цікавыя моманты з выступу Лукашэнкі перад журналістамі будуць даступныя заўтра на нашым сайце. Запрашаем!

«Перад пачаткам прэс-канферэнцыі адбылася такая паказальная сітуацыя: мы стаялі перад дзвярыма, дзе ахова «фільтравала» тых, хто прыйшоў. Было шмат людзей, і хтосьці з аховы спытаў: ці ёсць журналісты? Я і яшчэ пару чалавек, відаць, журналісты з іншых СМІ, паднялі руку з пасведчаннем, і тады чалавек з аховы загадаў: БРСМаўцы, расступіцеся, прапусціце журналістаў», – распавядае Зміцер Лукашук з «Еўрарадыё», які быў на прэс-канферэнцыі Лукашэнкі ў 2011 годзе.

Чыноўнікі, што праўда, не маюць магчымасці выказваць падзякі ды задаваць кіраўніку Беларусі пытанні, а могуць толькі слухаць выступоўцу.
У прэс-службе прэзідэнта «Белсату» паведамілі, спасылаючыся на досвед Расеі, што прысутнасць чыноўнікаў на «прэзідэнцкіх» прэс-канферэнцыях – «звычайная практыка».

Першыя 10 пытанняў – «заказныя»

«Паводле досведу мінулай прэс-канферэнцыі стала зразумела, што прыкладна першыя 8–10 пытанняў заранёў падрыхтаваныя, – зазначае журналістка агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына. – Заранёў адабраныя СМІ, якія задаюць канкрэтныя пытанні, на якія хоча адказваць кіраўнік дзяржавы. Я з гэтым сутыкнулася, калі «ўклінілася» сярод калегаў з дзяржаўных СМІ і мне спрабавала перашкодзіць задаць пытанне журналістка, як потым высветлілася, з газеты «Астравецкая праўда».

Журналісты з дзяржаўных медыяў прыязджаюць на прэс-канферэнцыі да Лукашэнкі арганізаванымі групамі з ідэолагамі на чале. Хоць далёка не кожны з іх мае магчымасць задаць пытанне кіраўніку дзяржавы.

«Як мы ўвайшлі ў будынак і падняліся на паверх вышэй, там ужо на сценах былі схемы, хто дзе павінен заняць месцы. Былі вызначаныя рознымі колерамі месцы для дзяржаўных СМІ, для недзяржаўных СМІ, для чыноўнікаў. Потым пасля «адмашкі» ўсе пачалі па чарзе заходзіць у залу: спачатку Віцебская вобласць, потым Гомельская і г. д. Амаль што шыхтом ішлі», – узгадвае Марына Коктыш, журналістка «Народнай волі».

Пра што нельга пытаць Лукашэнку?

Сустрэчы прэзідэнта з прадстаўнікамі медыяў часам ператвараюцца ў струмень словаў удзячнасці ды «прыемных» пытанняў ад журналістаў дзяржаўных медыяў; зусім іншыя пытанні задаюць журналісты недзяржаўных.

{movie}Колькі мікрааўтобусаў было ў Някляева? Відэа euroradio.fm|left|8545{/movie}Гэтак Зміцер Лукашук з распытваў Лукашэнку пра падзеі перад Плошчаю – са збіццём Уладзіміра Някляева. На відэа бачна: прэзідэнт вельмі незадаволены з таго, што журналіст задаў такое пытанне ды яшчэ і паправіў прамоўцу.

«Незадавальненне могуць выклікаць пытанні пра палітвязняў. Яшчэ залежыць ад таго, як гэтыя пытанні будуць зададзеныя. Лукашэнка любіць у адказах «расцякацца думкаю па дрэве», і калі журналіст, які задаў пытанне і стаіць ля мікрафона, пачынае задаваць дадатковыя пытанні ці абвяргаць ягоныя словы, гэта выклікае нервовую рэакцыю. Таксама гэткі эфект можа быць ад некаторых пытанняў на эканамічную тэматыку. Але вельмі раз’юшыць могуць пытанні пра палітвязняў, асабліва калі яны зададзеныя не адзін раз», – адзначае Зміцер Лукашук.

{movie}Лукашэнка — журналістцы: “Трэба са мной спаць”. Відэа svaboda.org|right|8546{/movie}Марына Коктыш падкрэслівае, што няварта задаваць Лукашэнку банальных пытанняў, якіх ён чакае. «Любое вострае, арыгінальнае, эксклюзіўнае пытанне, якое не вельмі прыемнае для яго і якое належным чынам сфармуляванае, можа вывесці яго з раўнавагі і «прабіць на эмацыйнасць», – тлумачыць журналістка.

Самага цікавага глядач не пабачыць?

Сёлета падчас прэс-канферэнцыі не будзе відэатрансляцыі, а толькі трансляцыя на дзяржаўным радыё. На думку Ірыны Леўшыной, гэта зроблена адмыслова.

«Мала хто ў такі працоўны час яе будзе слухаць. Навучаныя мінулым досведам, арганізатары прэс-канферэнцыі вырашылі падстрахавацца ад нязручных пытанняў, і гэткім чынам, мяркую, заўтра ўвечары беларускага гледача чакае «кастрыраваная» версія прэс-канферэнцыі», – сцвярджае журналістка.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў