Юлія Сцяпанава: «Сказалі мне: «Што, с…ка, ласіны сабрала?»


Актывістка «Еўрапейскай Беларусі», на якую ўначы напалі невядомыя, лічыць гэта помстаю за грамадскую дзейнасць і
за жарт у бок працаўнікоў спецслужбаў.

Як распавяла «Белсату» Юлія Сцяпанава, гэтыя словы яна звязвае з жартаўлівым заклікам у сацыяльных сетках: актывістка запрапанавала сабраць для працаўнікоў спецслужбаў ласіны, пафарбаваныя ў колер дзяржаўнага сцягу.

«Звязваць з нечым адным цяжка, бо гэта абагульнена – за ўсё… Але, тым не меней, так, за ласіны
яны пакрыўдзіліся…»
{movie}Юлія Сцяпанава пра напад|left|8542{/movie}
Актывістцы «Еўрапейскай Беларусі» Юліі Сцяпанавай учора ноччу двое невядомых абрэзалі валасы, таксама яна атрымала нагою ў твар. «Я ішла а 24:40 дахаты, на апошнім аўтобусе прыехала. Вуліца ў мяне досыць цёмная. Калі амаль падышла да пад’езду, з’явіліся дзве асобы, я нават не паспела нічога зразумець…Тварам у снег, адзін трымаў за рукі, знялі каптур з мяне… Я была з двума хвастамі, то адрэзалі спачатку адзін, потым другі… Потым, калі адыходзілі, загадалі мне ляжаць і не рухацца. Ну я і сама не варушылася, бо спалохалася моцна… І калі сыходзіў, хацеў, відаць, нагою мяне снегам прысыпаць, і ягоная нага трапіла мне па губе…»

Юлія Сцяпанава кажа, што цяпер плануе напісаць заяву ў міліцыю. Хоць сёння раніцою працаўнікі міліцыі самі прыязджалі да дзяўчыны проста дахаты. «Адбываюцца ўвогуле цуды… Я ў міліцыю збіралася ісці сёння пісаць заяву, хоць і разумею, што буду размаўляць, груба кажучы, з паветрам. Тым не меней лічу, што гэта ўсё трэба напісаць абавязкова… Але сёння да мяне раніцаю міліцыя прыехала сама. Яны сказалі, што прачыталі ў медыях і гэтак вырашылі пра мяне паклапаціцца – забраць мяне, каб я паехала ў міліцыю пісаць заяву. Вядома ж, я адмовілася, без адваката я ў гэтую кантору не пайду…»

На пытанне, ці адмаўляецца цяпер Юлія Сцяпанава ад таго жарту, яна адрэагавала так: «Я вельмі памылялася, калі прапаноўвала сабраць зялёныя ласіны з арнаментам… Ім трэба насіць толькі ружовыя… Ружовыя носяць або дзяўчаты, або хлопчыкі, якія носяць ружовае…»

Кастусь Будчак/belsat.eu

Стужка навінаў