Лябедзька, Някляеў, Чыгір і Шушкевіч – супраць інтэрнэт-выбараў


Яны не падтрымліваюць прапанову эмігранта Уладзіміра Барадача абраць сябраў Каардынацыйнай рады апазіцыі з дапамогаю інтэрнэт-галасавання.

Лябедзька: у мяне ёсць да Барадача прапанова, якая адпавядае ягонаму тэмпераменту

Лідару Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку «асобныя фрагменты суперактыўнасці» Уладзіміра Барадача падаюцца сімпатычнымі: «У мяне ёсць да Барадача прапанова, якая адпавядае ягонаму тэмпераменту. Не магу яе агучваць, зраблю гэта пры сустрэчы». Паводле яго, падзеі ў віртуальнай прасторы мусяць дапаўняць рэальнасць, а не наадварот: «Любое галасаванне ў інтэрнэце можа быць толькі дадаткам да народнага праймерыз». Падчас апошняга народ, які задае пытанне «Хто замест Лукашэнкі?», мае вызначыць лідараў, з якіх пасля можна абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцтва.

Чыгір: няхай усё робяць без мяне, я пенсіянер і нікуды не збіраюся

Былы прэм’ер-міністр Міхаіл Чыгір, да якога Барадач таксама звярнуўся з адкрытым лістом, пра яго змест даведаўся з размовы з карэспандэнтам БелаПАН: «Нікуды не збіраюся. Хай усё робяць без мяне. Чаму? Расчараваны. Ды і я ўжо пенсіянер, мне ў гэтым годзе будзе 65 гадоў. Хай адважваюцца маладыя». Ён адзначыў, што раней працаваў з Барадачом, і ў тыя часы палкоўнік «не меў такіх радыкальных поглядаў». Магчыма, на яго паўплываў ад’езд за мяжу, мяркуе экс-прэм’ер.

Шушкевіч: трэба змагацца на месцы, а не ў інтэрнэце за мяжою

Былы спікер Вярхоўнага Савету 12-га склікання, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч заявіў, што яго ідэя Барадача не захапляе, бо «і так больш-менш ясна, што трэба рабіць»: «Каб займацца палітыкаю тут, трэба мець пэўную мужнасць. А абвяшчаць лозунгі, седзячы спакойна за мяжою і карыстаючыся інтэрнэтам, нескладана. Ідэяў можа шмат ўзнікнуць». Перад Новым годам ён сустракаўся з Барадачом у Вільні, але той пра апошнюю ініцыятыву нічога не казаў.

Някляеў: інтэрнэт не дае легітымнасці

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў заявіў, што падтрымлівае Барадача ў справе аб’яднання апазіцыі ды стварэння Каардынацыйнай рады. Ён падкрэслівае, што апошні мусіць быць легітымны, а інтэрнэт-галасаванне не можа гэтага забяспечыць.

Што прапанаваў Барадач?

Колькі дзён таму палкоўнік Уладзімір Барадач звярнуўся да кіраўніцтва беларускіх апазіцыйных партыяў і рухаў з заклікам выставіць на інтэрнэт-выбары сваіх прадстаўнікоў, каб стварыць Каардынацыйную раду апазіцыі. У будучыні ён мог бы стаць каардынацыйным органам усіх дэмакратычных сілаў, выпрацаваць адзіную дактрыну, стратэгію і тактыку барацьбы, прапанаваць грамадзянам сацыяльна-эканамічную, палітычную і нацыянальную праграмы выхаду з крызісу і развіцця Беларусі.

Паводле Барадача, выбары дадуць магчымасць задаволіць амбіцыі палітыкаў, паказаць рэйтынг і давер грамадзянаў да ўсіх палітычных структураў і лідараў, аб’яднаць усе сілы, стварыць сістэму і паказаць людзям гатовасць і здольнасць удзельнічаць і ўплываць на працэсы, якія адбываюцца ў краіне.

belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў