Міліцыя зладзіла аблавы на імпрэзах ЛГБТ-супольнасці


Праваахоўнікі складаюць спісы грамадзянаў, прыналежных да секс-меншасцяў?

Міліцыянты зрабілі дзве аблавы на клубы, дзе сабраліся прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, паведаміў БелаПАНу старшыня праваабарончага праекту «Гей-Беларусь» Сяргей Андросенка, які зарганізоўваў гэтыя мерапрыемствы.

Першы інцыдэнт адбыўся ўночы з 11 на 12 студзеня ў менскім клубе «6А». Працаўнікі міліцыі ўварваліся ў памяшканне, заблакавалі выхад і перапісалі звесткі ўсіх прысутных.

«Каля паловы на 2-ую ночы да клубу пад’ехаў аўтобус з 10 міліцыянтамі, некаторыя былі ў цывільным, іншыя – ва ўніформе. Выхад яны заблакавалі. Калі мы спыталі, што адбываецца, нам адказалі: міліцыя шукае злачынцу, які ўцёк з калоніі. Яны паказвалі фотаробат і пры гэтым перапісалі звесткі ўсіх наведнікаў вечарыны. Ува ўсіх пыталіся, што тыя робяць у клубе», – распавёў Андросенка.

У ноч з 12 на 13 студзеня аналагічны выпадак адбыўся ў віцебскім клубе «XXI стагоддзе». «Каля 11-ай гадзіны вечара ў клуб прыехалі два працаўнікі паставой службы. Яны заявілі, што ведаюць: у клубе праходзіць «акцыя секс-меншасцяў». Прыблізна гадзіну яны сачылі за тым, хто прыходзіць у клуб, уважліва ўсіх разглядалі, – зазначыў арганізатар. – Праз паўгадзіны пасля таго, як яны сышлі, у клуб забеглі міліцыянты і спецназаўцы. Яны адразу загадалі ўсім устаць да сценаў: хлопцы з аднаго боку, дзяўчаты – з другога. Перапісвалі звесткі ўсіх, хто быў у клубе, патрабавалі ў кожнага назваць месца жыхарства і працы, здымалі ўсіх на відэакамеру. З хлопцамі абыходзіліся даволі груба, некаторыя з іх паводзіліся абражальна».

Гомасексуалаў хочуць «перапісаць»?

Як і ў першым выпадку, высветліць, з чым звязаная аблава, не ўдалося. «Розным людзям яны адказвалі рознае: то ад наркакантролю паступіла скарга, што ў клубе распаўсюджваецца марыхуана, то міліцыя шукае ўхілістаў ад вайсковай службы. Часта груба адказвалі, што калі нешта не падабаецца, то зараз усіх адвязуць у пастарунак», – зазначае Андросенка.

Старшыня праваабарончага праекту «Гей-Беларусь» заявіў, што не разумее, адкуль такая цікавасць да імпрэзаў ЛГБТ-супольнасці: «Калі такое працягнецца, то можна будзе казаць пра тое, што сёння ў Беларусі, як гэта раней рабілася ў СССР, складаюцца спісы гомасексуалаў. Магчыма, нашая актыўнасць апошнім часам раздражняе ўлады, і гэта былі спробы запалохаць нас».

Андросенка падкрэсліў, што і ў Менску, і ў Віцебску праходзілі выключна забаўляльныя вечарыны без усялякага сацыяльнага або палітычнага падтэксту. Цяпер, паводле яго, прадстаўнікі праваабарончага праекту рыхтуюць скаргі ў УУС Віцебскага і Менскага аблвыканкамаў.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў