Белы дом адмовіўся будаваць касмічную станцыю “Зорка смерці”


Аўтары вясёлай ідэі пабудаваць станцыю з кінаэпапеі “Зорныя войны” скарысталіся праграмаю заканатворчых ініцыятываў, якую для простых выбарнікаў запусціла Адміністрацыя прэзідэнта ЗША.



На сайце Белага дому ў межах праекту “We the People” можна зарэгістраваць любую петыцыю, і калі пад ёю збярэцца болей за 25 тыс. подпісаў, адміністрацыя Барака Оўбамы мусіць разгледзець гэтую прапанову. Пад ідэяй пабудаваць “Зорку смерці” (Death Star) падпісаліся болей за 34 тыс. чалавек.

Адказваць на анекдатычную прапанову давялося кіраўніку дэпартаменту навукі і космасу Адміністрацыйна-бюджэтнага кіраўніцтва Белага дому Полу Шоўкросу (Paul Shawcross). Ягоны адказ вытрыманы ў іранічным стылі.

Паводле Шоўкроса, ёсць мінімум тры прычыны, чаму праект нельга рэалізаваць. Першая – кошт: $ 850 квадрыльёнаў. “Мы імкнемся скараціць бюджэтны дэфіцыт, а не павялічыць яго”, – патлумачыў кіраўнік дэпартаменту. Наступная прычына: “Адміністрацыя прэзідэнта не падтрымлівае ідэі знішчэння планетаў”. І трэцяя: “Навошта марнаваць велізарныя сродкі падаткаплатнікаў на “Зорку смерці” з фундаментальным недахопам [вентыляцыйнаю камераю, праз якую яе ўзарвалі. – belsat.eu], якім зможа скарыстацца пілот аднамеснага касмічнага карабля?”

“Прыгледзьцеся ўважліва, і вы ўбачыце, што па небе ўжо нешта рухаецца – і гэта не Месяц, гэта – касмічная станцыя!” – працягвае высокі чыноўнік. Далей ён коратка пералічвае асноўныя кірункі, у якіх развіваецца амерыканская праграма даследавання космасу. Напрыканцы ён напісаў, што калі аўтар петыцыі знойдзе сябе ў сферы навукі, тэхналогіі, інжынерыі ці матэматыкі, “сіла застанецца з намі”.

Касмічную станцыю пад назваю “Зорка смерці” прыдумалі стваральнікі фантастычнай эпапеі “Зорныя войны”. Касмічная станцыя памерам з Месяц была здольная знішчаць цэлыя планеты пры дапамозе магутнай энергетычнай зброі, аднак галоўным героям кінаэпапеі ўдалося сапсаваць яе.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў