Беларуска, якая гітараю скарыла Еўропу, натхняецца Радзімаю


Наталля Ліпніцкая ўжо 10 гадоў жыве за межамі Бацькаўшчыны і зладзіла для еўрапейцаў некалькі сотняў канцэртаў. Сёння яна адна з самых вядомых у Еўропе гітарыстак.



Віртуозка, у жылах якой цячэ беларуская кроў, не развітваецца з гітараю з дзяцінства: у 8-гадовым узросце бацькі аддалі яе ў музычную школу. Пазней, свядома палюбіўшы гітару, яна паглыбляла сваю музычную адукацыю ў музычнай вучэльні ды кансерваторыі.

{movie}Наталля Ліпніцкая: Чэрпаю натхненне на радзіме |right|8534{/movie}

Невыпадкова месцам свайго сталага жыхарства Наталля Ліпніцкая абрала Парыж. Яна адзначае, што само асяроддзе гораду патрабуе і спрыяе быць арыгінальным і незвычайным чалавекам. Не меншую вагу ў развіцці творчага падыходу асобы грае тут, на думку былой жыхаркі Менску, мінуўшчына. “Гісторыя Парыжу натхняе на мастацтва, творчасць ды інтэлектуальную актыўнасць”, – зазначыла гітарыстка.

З канцэртамі Ліпніцкая наведала большасць еўрапейскіх краінаў, але не забываецца на Бацькаўшчыну. Беларусь для музыкі – цёплы ўспамін і моцная крыніца натхнення: “Для мяне Радзіма – гэта мае бацькі, гэта мая культура, гэта мой менталітэт. Калі прыязджаю ў Беларусь, то адчуваю “Ах!”, што нешта там ёсць”.

У хуткім часе беларуская гітарыстка плануе скарыць і Японію, дзе пройдуць ейныя чарговыя гастролі.

Гэты сюжэт быў падрыхтаваны карэспандэнтам «Белсату» Алесем Сілічам для праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на канале штопятніцу а 20:30. Паглядзець яе можна і на белсатаўскай старонцы ў раздзеле «Нашыя праграмы».

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў