Саюз палякаў Беларусі збірае грошы на падтрыманне польскіх шпіталяў


Арганізацыя пастанавіла далучыцца да вядомай у Польшчы акцыі «Вялікі аркестр святочнай дапамогі». Штогод у дзень яе фіналу валанцёры выходзяць на вуліцы і просяць мінакоў ахвяраваць на сучаснае абсталяванне для лякарняў.

Акцыю вось ужо двацць першы год запар праводзіць аднайменная дабрачынная грамадская арганізацыя. У яе межах па ўсёй Польшчы праходзяць канцэрты, прыбытак ад якіх таксама ідзе на абсталяванне. Кожны, хто зробіць унёсак, атрымлівае налепку – чырвонае сэрца з назваю арганізацыі.

Дагэтуль набывалася тое, што дазваляла выявіць у дзяцей цяжкія хваробы на ранніх стадыях. Сёлета «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» частку грошай аддасць установам, якія даглядаюць пажылых людзей. Кожны, хто зробіць унёсак, атрымлівае налепку – чырвонае сэрца з назваю арганізацыі.

Непрызнаны ўладамі Саюз палякаў Беларусі будзе збіраць грошы цягам трох тыдняў. Пачатак – у нядзелю, 13 студзеня. Пра гэта старшыня арганізацыі Мечыслаў Яскевіч паведаміў Польскаму прэсаваму агенцтву. Ён патлумачыў, што напярэдадні Божага Нараджэння Саюз палякаў заўсёды атрымлівае дапамогу з Польшчы. Гэтым разам заўзятары варшаўскага футбольнага клубу «Legia» перадалі святочныя пасылкі былым вайскоўцам Арміі Краёвай і «сібіракам» – тым, хто ў савецкія часы адбыў ссылку ў Сібіры. «Мы таксама хочам быць салідарныя і штосьці зрабіць для гэтай высакароднай справы», – прызнаўся Мечыслаў Яскевіч.

Сам старшыня СПБ у межах удзелу ў «Вялікім аркестры святочнай дапамогі» наведае Берасце. Грошы ж будуць збіраць у мясцовасцях, дзе жыве найбольш палякаў. З нядзелі пра акцыю будуць паведамляць у мясцовых касцёлах.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў