ЦВК не будзе абмяркоўваць з апазіцыяй зменаў у Выбарчым кодэксе


Цэнтрвыбаркам адмовіў прадстаўнікам шэрагу беларускіх палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў у правядзенні грамадскага абмеркавання прапановаў аб унясенні паправак у выбарчае заканадаўства.

У адказе на прапанову, падпісаным кіраўніцаю ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, адзначаецца, што «праект нарматыўнага прававога акту можа быць вынесены на публічнае (усенароднае, грамадскае ці прафесійнае) абмеркаванне на падставе рашэння дзяржаўнага органу (службовай асобы), упаўнаважанага прымаць (выдаваць) нарматыўныя прававыя акты. У адпаведнасці з законам Цэнтральная камісія не ёсць такім органам».

Акрамя таго, заявілі ў ЦВК, заканадаўства Беларусі не прадугледжвае правядзення экспертызы законапраектаў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіяй.

Апазіцыя не задаволеная з магчымых зменаў

Заяву аб правядзенні грамадскага абмеркавання паправак у выбарчае заканадаўства падпісалі Партыя БНФ, Беларуская партыяй левых «Справядлівы свет», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыяй «Зялёныя», кампанія «Гавары праўду!» і рух «За свабоду».

Падпісанты заявы лічаць, што шэраг выпрацаваных ЦВК прапановаў «патрабуе сур’ёзнага і грунтоўнага абмеркавання з зацікаўленымі бакамі», а «мэтазгоднасць некаторых з апублікаваных прапановаў выклікае сур’ёзныя сумненні».

Гэтак, лічаць яны, патрабуюць абмеркавання: прапанова аб наданні права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем з колькасцю сябраў не менш як 1 000 асобаў; адмова ад дзяржаўнага фінансавання выдаткаў на перадвыбарчую агітацыю і поўны перавод яе на забеспячэнне коштам перадвыбарчых фондаў; ідэя выключыць агітацыю за няўдзел у выбарах з катэгорыі перадвыбарчай агітацыі.

Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, адмоўны адказ ЦВК не стаў нечаканым. «Але для нас было вельмі важна сфармуляваць сваю пазіцыю і абвесціць яе публічна», – адзначыў ён.

Пры гэтым, паведаміў палітык, дэмакратычныя арганізацыі распрацавалі свой праект паправак у выбарчае заканадаўства, які неўзабаве накіруюць у дзяржаўныя органы. «Вядома, у нас няма ілюзіяў, што нашыя папраўкі зробяць нормамі права, нам важна, каб нашая пазіцыя была вядомая беларускай і міжнароднай грамадскасці», – падкрэсліў Янукевіч.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў