Ліст Статкевіча, мікрааўтобус Някляева і аб’яднанне апазіцыі


Пра гэта ў «Гарачым каментары» размаўляюць Артур Папок, былы кіроўца Уладзіміра Някляева, і палітолаг Юрась Ліхтаровіч.

У сваім лісце, які паспеў стаць скандальным, Мікола Статкевіч вінаваціць некаторых кандыдатаў на прэзідэнцтва ў тым, што яны абралі няслушную стратэгію дзеянняў на Плошчы–2010. Адзін з іх, паводле аўтара, увогуле папрасіў падпалкоўніка міліцыі арыштаваць яго напярэдадні 19 снежня.

Ліхтаровіч: гэта маніпуляцыя спецслужбаў

Палітолаг Юрась Ліхтаровіч кажа, што нічога скандальнага ў лісце не ўбачыў, і Статкевіч мае поўнае права задаваць пытанні, пра якія напісаў. Госць «Гарачага каментара» не выключае, што ліст быў напісаны раней, а дайшоў менавіта ў момант, калі апазіцыя загаварыла пра аб’яднанне, невыпадкова: гэта праца спецслужбаў.

Уладзімір Някляеў: у нас быў сакрэтны мікрааўтобус

Уладзімір Някляеў, якому прысвечаная вялікая частка ліста, пракаментаваў яго. Паводле экс-кандыдата на прэзідэнта, ключавую ролю ў змене сцэнара Плошчы адыграла канфіскацыя спецслужбамі аднаго з двух мікрааўтобусаў з апаратураю. Два камплекты апаратуры падрыхтавалі адмыслова, каб збіць з панталыку працаўнікоў КДБ. Дзеля гэтага адзін мікрааўтобус адмыслова трымалі навідавоку, побач з офісам кампаніі «Гавары праўду!». Аднак а 14-й гадзіне 19 снежня Някляеву паведамілі, што спецслужбы ўсё ж такі высачылі запасны і забралі яго. Каб абараніць другі, актывісты вырашылі атачыць яго людзьмі, таму і запрасілі ўсіх да офісу, каб разам рушыць на Плошчу. Менавіта з разгрому побач з офісам і распачаліся трагічныя падзеі таго дня.

Таямнічы Валер

Кіроўца Някляева падчас прэзідэнцкай кампаніі–2010 Артур Папок сцвярджае, што нехта перадаў палітыку хлуслівую інфармацыю. Насамрэч запасны мікрааўтобус заставаўся на вызначанай стаянцы ажно да пачатку студзеня 2011 года. Ён просіць экс-кандыдата назваць прозвішча гэтага чалавека. Сам кіроўца мяркуе, што ім мог быць нейкі Валер – актывіст, які дапамагаў загружаць апаратуру ў абодва мікрааўтобусы.

{movie}Артур Папок і Юрась Ліхтаровіч у “Гарачым каментары” |right|8529{/movie}

Выбары ці ўзброены супраціў?

Юрась Ліхтаровіч гаворыць, што супраца актывістаў са спецслужбамі ў Беларусі – гэта ўмовы, у якіх апазіцыя мусіць працаваць штодня. Таму, не зважаючы на гэта, трэба імкнуцца да галоўнай мэты – аб’яднання. Артур Папок мяркуе, што дзеля гэтага апазіцыя мусіць ачысціцца ад некаторых актывістаў. Сапраўднымі героямі ён называе Мікалая Аўтуховіча, Алеся Бяляцкага, Алега Алкаева, Мікіту Ліхавіда, Андрэя Пачобута. Свайму ж былому шэфу, Уладзіміру Някляеву, не давярае з увагі на ягонае атачэнне.

А ці ўдзельнічаць апазіцыі ў прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе? І якую стратэгію абраць у будучыні: захоўваць легальныя структуры ці заняцца ўзброеным супрацівам? Пра гэта – у відэаматэрыяле.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu
https://youtu.be/HCdm0BbHkDc

Глядзі таксама
Каментары