Зароблены на спатканнях мільярд скарысталі на дабрачыннасць


Маладая беларуская ініцыятыва «Мае Сэнс» пералічыла Br 1 млрд на падтрыманне дзяцей-сіротаў.

У канцы 2011-га два юнакі – Дзяніс Кандратовіч і Міхал Карпіцкі – запусцілі незвычайны праект пад назваю «Мае Сэнс». Яны прапанавалі беларусам падключыцца да арыгінальнай дабрачыннай акцыі. З гэтага часу кожны ахвотны мог выставіць у інтэрнэце свой здымак і запрапанаваць сяброўскае спатканне за грошы, якія былі б скіраваныя на дабрачынныя мэты. Спатканне мела адбыцца з той асобаю, якая б запрапанавала найбольшую суму.

Хутка да ідэі далучыліся знакамітасці: пісьменнік Уладзімір Арлоў, сустрэча з якім адбылася за Br 750 тыс., спявак Герман «пайшоў» за Br 505 тыс., спатканне са спявачкаю Ларысаю Грыбалёвай ацанілі на больш як Br 3 млн і г. д.

Сайт мае таксама свой рэйтынг дабрачыннасці. Першыя пазіцыі ў ім займаюць тыя, хто пералічыў максімальныя сумы на карысць праекту. Найбольш – Br 17 млн – пералічыў уладальнік псеўданіму Брус Ўіліс.

За год працы ініцыятыва паспела займець вядомасць у «байнэце» і нават займела тытул «Лепшы старт-ап года–2012». За менш як 1,5 года «Мае сэнс» сабраў для падтрымання дзяцей рэкордную для Беларусі суму – Br 1 млрд. Пятую частку ўсіх прыбыткаў праект пакінуў, аднак, для сябе.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў